Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дастукацца да нябёсаў»: у Астраўцы адбыўся рок-фестываль рэлігійнай песні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.01.2012 12:20

Славіць Бога можна па-рознаму: малітвай, пастом, працай, добрымі ўчынкамі… А яшчэ — песняй. У тым ліку і ў стылі «рок». Яскравым доказам гэтага стаў рок-фестываль рэлігійнай песні, які 7 студзеня 2012 г. адбыўся ў Астраўцы.

Касцёл св. Космы і Дам’яна ў гэты дзень нібыта скінуў са сваіх каменных «плячэй» добрыя сто гадоў — яго сутарэнні пасвятлелі ад шматлікіх усмешак моладзі і дзяцей. «Святы Айцец Ян Павел ІІ называў вас вясной і надзеяй Касцёла, — звяртаючыся падчас гаміліі да юных вернікаў, сказаў пробашч гудагайскага касцёла айцец кармэліт Казімір Мараўскі. — Вясна… Час абуджэння прыроды, яе росквіту. І надзея — соль веры. Памятайце гэтыя прарочыя словы і пастарайцеся прайсці па жыцці ў іх святле…»

Натхнёныя шчырасцю гаміліі і агульнай увагай да іх, маладыя парафіяне ўважліва слухалі разважанні святара, але іх вочы свяціліся выразным нецярпеннем у чаканні канцэрта. Гітарнае суправаджэнне Імшы ў выкананні прыезджых музыкантаў толькі падлівала алею ў полымя інтарэсу…

Трэба сказаць, што арганізатары фестывалю, браты кармэліты з гудагайскага кляштара, прадумалі яго сцэнарый да тонкасцяў, узгаднілі яго на ўсіх узроўнях: пасля заканчэння Імшы ў кінаканцэртную залу вернікі пайшлі дружнай калонай, узначальвала якую міліцэйская машына з «мігалкай»; ля ўваходных дзвярэй семінарысты раздавалі ўсім жадаючым калядныя аплаткі; сцэна была застаўлена сучаснай музычнай апаратурай, якая паблісквала ў святле каляровых сафітаў. (Ніхто і не здагадваўся, які шок літаральна за дзве гадзіны да пачатку фестывалю перажылі музыканты, калі скура барабана раптам лопнула — раздабыць новы ў такі кароткі тэрмін дапамагла хіба што Маці Божая Шкаплерная).

Кінаканцэртная зала разлічана на 500 месцаў, запоўніць якія ўдаецца далёка не на кожным канцэрце. На гэтым жа канцэрце запоўнена была ўся зала цалкам: юнакі і дзяўчаты вясёлым натоўпам адразу акружылі сцэну, астатнія размясцілася ў крэслах або стоячы ўздоўж сцен.

Рок-фестываль пачаўся з агульнай малітвы і з традыцыйнага дзялення аплаткай. Распачалі фестывальную праграму музыканты з гурту «AVE» —  навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. «Ну што ж, — сказаў прысутны на канцэрце віцэ-рэктар семінарыі. — Хто першым устаў — таго і тапкі». І рок грымнуў.

«AVE» — гурт, вядомы таксама і ў Астраўцы, асабліва сярод тых, хто бывае на фэстах у беларускіх санктуарыях, а яшчэ больш сярод тых, хто ходзіць у пілігрымкі: ад песень семінарыстаў бадзёрымі робяцца і самыя стомленыя ногі. Некаторыя астраўчане нават могуць пахваліцца музычнымі дыскамі «AVE».

Выканаўцы спявалі — як маліліся: шчыра і горача, на беларускай, польскай, рускай мовах. А моладзь падпявала, танцавала, бісіравала. Зрэшты, не толькі моладзь: вельмі хутка ўключыліся ў святкаванне і дарослыя.

Кожнай песні папярэднічаў кароткі ўступ, падчас аднаго з якіх семінарысты раптам прызналіся, што яны «стукачы»: «зноў і зноў мы стараемся дастукацца да нябёсаў», — патлумачыў саліст і заспяваў адну з самых вядомых песень гурту «Стук-стук-стук у нябесную браму…» Яе падхапілі ўсе — каму ж з нас не хочацца, каб неба яго пачула?.. І танцавалі ўжо не толькі маладыя — грэх было б бяздзейсна сядзець, калі і законніцы танцуюць рок-н-рол…

Амаль дзве гадзіны прамільгнулі ластаўкай. Перш чым развітацца, саліст «AVE» прадставіў удзельнікаў групы, а потым папрасіў гледачоў: «Назавіце і вы свае імёны. Разумею, што паасобку доўга. А вы паспрабуйце ўсе разам. На лік „тры“. Раз-два-тры…» І мы дружна крычым кожны сваё імя. «Добра, — радуюцца семінарысты. — Мы пачулі. І запомнілі. Цяпер вы з намі на кожным канцэрце. І ў малітве…»

Наступная група — «Paracletos» з Брэста. Яе ўдзельнікі належаць да пратэстанцкай Царквы. «Paracletos» пачаў выступленне выкананнем «Ойча наш» пад акампанемент цяжкага року. Жорсткая, б’ючая па вушах непадрыхтаванага слухача музыка. І неўзабаве гучанне брэстчан змянілася — палагаднела, жорсткі рок ператварыўся ў мяккі. У такой манеры прагучалі «Нешта шэпчуць анёлы» і «Нябесныя вадавароты» — лірыка вышэйшай пробы. Брэсцкіх музыкантаў публіка адпусціла са сцэны з яўнай неахвотай. Ужо на развітанне, дзякуючы за цёплы прыём гледачам, саліст сказаў: «Цудоўны дзень нараджэння атрымаўся сёння ў Хрыста — праўда?» Столькі музыкі, песень, радасці, танцаў — і ўсё гэта ў гонар Езуса…

Кожны раз, калі на сцэне мяняецца група, узнікае вымушаная паўза. Але ў фестывальнай публікі не было часу сумаваць: у перапынках за справу браўся Павел, навучэнец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Гэта быў сапраўдны талент канферансу! Пад яго вясёлым кіраўніцтвам публіка развучвала новыя танцы (нават тая яе частка, што сядзела ў крэслах), гуляла ў «Каралеву і дракона», адпачывала на «Гаваях», «гнала хвалю»…

А калі распачаў сваё выступленне гурт пінскай семінарыі «Подых Духа», высветлілася, што наш канферанс’е да таго ж і цудоўны гітарыст. Зрэшты, не абышлося і без яшчэ аднаго сюрпрыза: айцец Павел з гудагайскага кляштара кармэлітаў босых аказаўся спеваком і гітарыстам гурту. Святар расказаў гісторыю ўзнікнення «Подыху Духа»: як сабраліся разам некалькі семінарыстаў, атрымалі благаслаўленне свайго настаўніка, прычапілі да звычайных гітараў электраўзмацняльнікі і сталі іграць рэлігійныя песні. Добрую справу падтрымаў благаслаўлёнай памяці кардынал Казімір Свёнтэк, які выдзеліў грошы на набыццё больш дасканалых інструментаў, дзякуючы чаму гурт зажыў паўнакроўным жыццём. Вядома, галоўная праблема калектыва, які існуе пры навучальнай установе, — пастаянная ратацыя яго ўдзельнікаў: кожнае чарговае размеркаванне азначае ўзнікненне ў яго складзе непазбежнай вакансіі.

Айцец Павел на час фестывалю вярнуўся ў склад групы: разам з клерыкам Аляксандрам ён адспяваў двухгадзінную праграму, нібы і не папярэднічалі гэтаму песеннаму святу два месяцы падрыхтоўкі да фестывалю. Той, каму даводзілася быць арганізатарам хаця б невялікай імпрэзы, ведае, колькі намаганняў і нерваў гэта патрабуе. «Адзін я не змог бы зрабіць гэтага, — адмаўляецца прыняць словы падзякі кармэліт. ¬— Над падрыхтоўкай рок-фестывалю працавалі ўсе святары Астравецкага дэканату: дапамагалі і маральна, і матэрыяльна. А колькі ўзяў на сябе настаяцель гудагайскага кляштара кармэлітаў айцец Казімір! Асобнае „дзякуй“ хочацца сказаць райвыканкаму за тое, што падтрымалі нашу ініцыятыву і дапамаглі вырашыць многія пытанні. І міліцыі. І работнікам кіна-канцэртнай залы „Астравец“. І артыстам. І гледачам. І ўсім, хто неабыякавы…»

У рэпертуары «Подыху Духа» самыя розныя песні: пілігрымныя, лірычныя (як, напрыклад, песня, прысвечаная мамам святароў), песні-разважанні, песні-праслаўленні і песні радасці… А аб’ядноўвае іх адно — любоў да Бога і Яго стварэнняў, людзей. Пад іх песні немагчыма не радавацца, сядзець пасіўна: танцавалі і стары, і малы. У самы разгар канцэрта а. Павел папрасіў моладзь, якая танцавала ля сцэны: «Павярніцеся, калі ласка, да залы. Пакажыце свае твары бацькам. Няхай яны ўбачаць: мы зусім не такія кепскія, як пра нас часам гавораць. Няхай ведаюць: для таго, каб радавацца, нам не патрэбны ні алкаголь, ні наркотыкі. Нам дастаткова Божай любові…»

А свой галоўны козыр арганізатары рок-фестывалю прыбераглі для заключнай часткі: апошнім выступаў гурт «Crusade», таксама з Брэста. У адрозненне ад трох папярэдніх груп, «Crusade» — прафесійны калектыў, вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі — артысты не раз гастралявалі ў многіх краінах Еўропы.

Рок па сваёй прыродзе — гэта музыка пратэсту. Яна б’е па нервах, рэзаніруе ў свядомасці, не дазваляе быць самадавольным і запаволеным. У «Crusade» — менавіта такая музыка. Вось толькі словы іх песень іншыя:

Мы Бога не впустили в дом
Мы перед Ним закрыли дверь
И мы от жизни чего-то ждём
А Бог стоит под дождём…
Мы повернулись к Богу спиной
Мы от Него укрыли лицо
Мы так довольны собой
А Бог стоит за стеной
И ждёт под дождём…

Выступленне гэтай групы было самым кароткім — каля 40 хвілін. І хоць гледачы дружна скандыравалі, музыканты закончылі сваё выступленне: ім яшчэ прадстаяла за ноч пераадолець 500-кіламятровае вяртанне ў Брэст, дзе на наступны вечар яны павінны былі даваць канцэрт. «Прашу вас, вяртаючыся дадому, памаліцца — папрасіць у Бога шчаслівай дарогі для нашых гасцей з Брэста», — звярнуўся да гледачоў а. Павел.

Асаблівасцю канцэрта было і тое, што ні на сцэне, ні ў зале ніхто не падкрэсліваў сваю рэлігійную прыналежнасць. Адчувалася наяўнасць адной супольнасці — хрысціянаў.

Напрыканцы быў фінальны выхад артыстаў на сцэну. Варта адзначыць, што ўвесь вечар на сцэне дзейнічала дым-машына (без усялякага паху). За гукааператарскім пультам працавалі два высокакласных спецыялісты Пётр і Андрэй, за плячыма якіх адпаведная адукацыя. Міліцыянеры, якія прысутнічалі на рок-фестывалі, сядзелі без працы: парушэнняў нават простай дысцыпліны ў гэты вечар не было. Выступленне музыкантаў завяршылася супольнай малітвай і песняй у гонар любімай краіны — Беларусі.

Ганна Чакур

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме