Адкрыццё новай капліцы адбылося ў вёсцы Гурнафель | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2012 13:25

25 сакавіка 2012 г. адбылося адкрыццё новапабудаванай капліцы ў вёсцы Гурнафель (Гродзенская дыяцэзія). Капліца была пабудавана дзякуючы старанням пробашча парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках дэкана Шчучынскага кс. Станіслава Пыталя CSMA і парафіянаў.

Капліца ўзведзена пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Такім чынам вернікі жадаюць праслаўляць Езуса і ўшаноўваць Яго Сэрца за ўсе знявагі, якія Яму наносяць чалавечыя грахі.

Капліцу асвяціў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў: «Сёння ў вашай мясцовасці адбываецца гістарычная падзея. З гэтага дня сярод вас прабывае Езус, які заўсёды будзе прысутнічаць у табэрнакулюме. Знаходзьце для Яго час. Праходзячы каля капліцы, увайдзіце ў яе на хвіліну, каб прывітаць Таго, хто з сённяшняга дня будзе тут вас чакаць».

Гамілію прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, натарыус Гродзенскай курыі, які адзначыў, што сёння мы не можам ухіліцца ад пытання пра сэнс нашых ахвяраў і нашага цярпення. Бог на гэта дае нам адказ: толькі ў Яго вачах кожны крыж і цярпенне маюць сэнс і каштоўнасць. Як дадаў святар, у гэты дзень вернікі прыйшлі на ўрачыстасць асвячэння капліцы, бо хочуць сустрэць Бога і зведаць Яго міласэрнасць.

Варта адзначыць, што табэрнакулюм для капліцы і іншыя рэчы зрабілі з дрэва прабываючыя ў мясцовым лячэбна-працоўным прафілакторыі.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by