Інсцэніраваны Крыжовы шлях з удзелам сем’яў адбыўся ў Квасоўцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.04.2012 13:11

4 красавіка 2012 г. у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях з удзелам сем’яў. Дзеці і моладзь парафіі прадстаўляюць увазе вернікаў тэатралізаваны Крыжовы шлях ужо ў другі раз. Сёлета ў набажэнстве ўдзельнічалі і парафіяне касцёла Святой Ганны з в. Лунна.

«Няхай гэты Крыжовы шлях дапаможа нам, бацькам і дзецям, мужна, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, ісці за крыжам Пана, бо ў Ім — наша надзея і збаўленне», — такімі словамі пробашч квасоўскай парафіі кс. Ян Занеўскі распачаў Крыжовы шлях.

Падчас стацый маладыя акцёры праз інсцэніроўку заклікалі вернікаў услед за Панам Езусам несці свой крыж да самай Галготы, а асобныя сем’і разважалі над адносінамі паміж людзьмі, праблемамі кахання і вернасці, сяброўства, паводзін у грамадстве...

Ад стацыі да стацыі спяваў парафіяльны хор «Sancti estote». Адмыслова падабраныя пакутныя песні дапамагалі задумацца над шляхам Хрыста на Галготу, адчуць Яго страх, боль, рабілі прастаўленне больш эмацыйным.

Акцёры таленавіта прадставілі Хрыстовыя пакуты: суд, бічаванне жаўнерамі, падзенні, здзіранне вопраткі, укрыжаванне, смерць... Пасля каля алтара адбылося пахаванне Езуса. Містэрыя не скончылася сцэнай пахавання, бо пасля ўкрыжавання было Уваскрасенне — перамога дабра і жыцця над злом і смерцю.

Напрыканцы адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Ян Занеўскі. У гаміліі святар падкрэсліў: «Часта мы наракаем і гаворым, што Пан Бог дае нам цяжкі крыж, але Ён пры гэтым з намі і дапамагае яго несці, толькі мы не заўжды гэта можам распазнаць. Часта менавіта наш крыж дапамагае нам задумацца над сваім жыццём, спыніцца і зразумець, што варта ў жыцці, а што не».

Набажэнства ў Квасоўцы прайшло натхнёна, эмацыйна, таленавіта, бо за пастаноўкай хавалася шмат працы, якая рабілася ў імя Божае, дзеля абвяшчэння Уваскрасення Езуса Хрыста.

Наталля Вянсковіч


 
© 2003-2024 Catholic.by