Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гудагаі адбыўся Другі фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.08.2012 11:55

Другі фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў», які ўдзельнікі чакалі роўна з той хвіліны, калі адгучаў апошні акорд першага, адбыўся ў Гудагаі 25 жніўня 2012 г. на сцэне імправізаванага амфітэатра, пабудаванага пры касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у непасрэднай блізкасці ад цудатворнага абраза Маці Божай, укаранаванага папскімі каронамі.

Фестываль пачаўся з урачыстай Імшы, пасля якой адбыўся Крыжовы шлях. Пагоркі і долы, камяні і карэнні, бездарожжа і крыжы стацый, якія заўсёды чакаюць… Па крутых рэльефных заломах гудагайскага Крыжовага шляху няпроста ісці і з пустымі рукамі, а калі за спіной у цябе боўтаецца рукзак з цёплым швэдрам і непрамакаемым плашчом, а ў руках — складны парасон, адлегласць прыкметна расцягваецца. І павінна была б расцягнуцца, калі б ты ішоў адзін. Але нас было шмат, і мы былі як адно — ішлі ўслед за крыжам, маліліся і спявалі, кленчылі там, дзе Хрыстус падаў, дзе размаўляў з жанчынамі і дзе Вераніка выцірала Яго твар, дзе быў укрыжаваны і дзе памёр.

Гонар адкрыцця фестывалю выпаў на долю групы «Небасхіл» з Мінска. Іх песні — неад’емны атрыбут моладзевых пілігрымак, таму глядацкая падтанцоўка аказалася на вышыні. А выхад на сцэну гурту «Paracletos» з Кобрына гледачы сустрэлі дружным скандзіраваннем. Выступленне гэтай групы на першым фестывалі, можна сказаць, «шакіравала» публіку — непадрыхтаваныя да цяжкага року, мякка кажучы, разгубіліся… Але на гэты раз група прапанавала аматарам сваёй творчасці, так бы мовіць, эстрадны варыянт року. «Пока Папа дома», «С неба — водопады…» і  іншыя песні «Paracletos» пайшлі на біс.

Пасля выступілі аматары з Маладзечна — моладзевая група пад кіраўніцтвам братоў капуцынаў. Песні ў выкананні маладых артыстаў здзіўлялі глыбінёй сваіх тэкстаў, а танцы, якія яны развучвалі з гледачамі, не пакінулі абыякавымі і старэйшых — да забаваў далучыліся ўсе.

Наступны выступоўца, група «Tezaurus» з Мінска — «цёмны конік» для непадрыхтаваных гледачоў, а для тых, хто цікавіцца хрысціянскай рок-музыкай, яна адна з лепшых. Артыстычнасць у выканаўцаў была на вышэйшай мяжы, выкананне — прафесійнае, энергетыка – не ўстаяць, не танцуючы.

Многія з прысутных чакалі выступлення гурту «Подых Духа», у які аб’ядналіся сучасныя і былыя навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Выступленне гурту было шчырым і эмацыйным, хвалявала і супакойвала, запрашала ісці далей. А перад фінальнай песняй музыканты прызналіся, што выступаюць разам у апошні раз. «И если будет трудно нам…, дай всем нам свою силу, Аллилуия» — гэтая песня была апошняй. «Узнясіце рукі ў неба, — звярнуўся да слухачоў айцец Павел. — Бачыце, як блізка наш Айцец? Зачыніце, калі ласка, вочы і давайце праспяваем прыпеў яшчэ раз… А цяпер акапэльна, без музыкі». Калі мы даспявалі прыпеў і адкрылі вочы, музыкантаў ужо не было на сцэне — «Подых духа» развітаўся са сваімі прыхільнікамі вельмі прыгожа...

«Crusade» — таксама вядомая для астравецкай публікі група, якая выступала і на першым фестывалі. «Зоркавыя войны», «Паляцім…», «А Бог стаіць пад дажджом» — гэтыя і многія іншыя песні круасадаўцаў даўно паспелі стаць шлягерамі, у тым ліку сярод астравецкай публікі. На гэты раз музыканты ўключылі ў канцэрт шмат новых песень, а яшчэ прывезлі разам з сабой на фестываль рэпэра Вісму, які свае тэксты піша на аснове тэкстаў Евангелля і якога гледачы адпусцілі са сцэны не адразу.

Завяршыў выступленне знакаміты гурт «Ushuaia» — удзельнік  многіх  міжнародных фестываляў. Узровень яго выканання пераўзышоў усе магчымыя чаканні. Выступленне гурту пачалося ў дзве гадзіны ночы, а скончылася пасля трох.

Наступны дзень мерапрыемства пачаўся святой Імшой. Пасля зноў былі выступленні — на гэты раз свае музычныя таленты дэманстравалі парафіяльныя гурты. Новую песню «Достучусь до небес», напісаную спецыяльна да фестывалю, паказаў на сцэне Гудагайскага амфітэатра і кампазітар з Астраўца Аляксандр Якіменка.

Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі завяршыўся, і айцы кармэліты ведаюць, колькі сіл давялося прыкласці да яго арганізацыі: дамовіцца з калектывамі, атрымаць гукавую і асвятляльную сучасную апаратуру, устанавіць яе і настроіць. Гукам і святлом (якіх на свяце было адпаведна 15 і 12 тысяч ват), дарэчы, загадвалі прафесіянальныя аператары з Брэста Андрэй і Сяргей Галенюкі.

Таксама трэба было арганізаваць харчаванне і побыт пілігрымаў, якія прыехалі з Мінска, Брэста, Кобрына, Пінска, Баранавіч (яны дабіраліся да Гудагая аўтастопам), Гродна, Іўя, Ліды, Оршы, Маладзечна, Нарачы, Вільні, Ашмян… За кляштарам быў раскінуты палатачны гарадок, а ў самай вялікай палатцы, якую прадаставілі на час ваеннаслужачыя Гудагайскага пагранатраду, размясцілася кухня. Мяснымі прадуктамі кармэлітаў падтрымаў Ашмянскі мясакамбінат, а астатняе сабралі парафіяне. Шэф-повар у гудагайскіх фэстаў нязменны — Тэрэса Прыбыльская, а памочнікі ў яе — палова парафіі.

Некалькі месяцаў адбывалася падрыхтоўка да фестывалю… Пра цяжкасці браты кармэліты, магчыма, ужо забыліся, а вось атмасфера радаснай малітвы, шчырасці ў размове з Богам, якімі на працягу двух дзён праменіў музычны фестываль, засталіся ў сэрцах святароў і ў сэрцах бязмерна ўдзячнай паствы з усіх куткоў Беларусі.

Калі табе сумна, калі колеры твайго наваколля страцілі былую яркасць, а галасы сяброў здаюцца чужымі, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі, і, магчыма, яго гаючыя гукі ачысцяць тваё сэрца ад іржы штодзёншчыны. Калі табе адзінока, калі тваё жыццё непрыкметна для цябе стала бязлюдным востравам, завітай у Гудагай на фестываль хрысціянскай музыкі, і вясёлы натоўп зацягне цябе ў вір агністага танцу, з’яднае з людзьмі, вызваліць з добраахвотнага палону.

Калі ты сярэдні ва ўсім, калі проста цёплы, і ні лёд, ні полымя табе невядомыя, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі, і агонь агульнай веры раздзьме ў табе прыкрытую попелам абыякавасці Божую іскру, якая і ў табе ёсць несумненна.

Калі ты чамусьці развучыўся маліцца і тваім вуснам не па сілах стала размаўляць з Богам, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі і паспрабуй падхапіць яго песні. Убачыш — у цябе атрымаецца. Вусны ўспомняць словы малітвы і шчасліва прамовяць…

Калі табе добра, калі сэрца тваё палае любоўю да Бога і людзей, створаных па Яго падабенству, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі і далучы свой голас да сонму іншых, ухвалі Нябеснага Айца песняй і танцам, якія — таксама малітва, падзяка, просьба і проста радасць ад шчаслівай магчымасці жыць.

Калі ты хочаш, каб тваё жыццё атрымала новы, сапраўдны накірунак свайго руху, каб твая вера ўзмацнілася і набыла крылы, каб любоў перамагла ўвесь негатыў, які тоіцца вакол цябе штодня, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі, які праз год адбудзецца ўжо ў трэці раз.

Ганна Чакур



Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.