Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ў Дудах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.09.2012 17:10

У літургічным календары Каталіцкага Касцёла свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца 8 верасня. З прычыны таго, што ў верасні распачынаецца сяўба, свята мае назву Маці Божай Сеўнай, а ў касцёлах у гэты час адбываецца асвячэнне зерня.

У Касцёле звычайна ўрачыстым чынам адзначаецца нараджэнне святых для неба, значыць дзень іх смерці. У выпадку Найсвяцейшай Панны Марыі робіцца выключэнне, бо яе прыйсце ў свет стала надзеяй і збаўчым світаннем для ўсяго свету.

Святкаванне гэтай падзеі ўтрымлівае глыбокі тэалагічны змест. Нараджэнне Марыі было непасрэдным прадказаннем прыйсця Збаўцы. Айцы Касцёла казалі, што Марыя папярэджвае прыйсце Месіі, як світанак прадказвае поўнае святло дня.

Дзень нараджэння Марыі ў літургіі радасны дзень, бо, прыходзячы ў свет дзеля Божай справы, яна не толькі прынесла радасць сваім бацькам, якія шмат гадоў чакалі гэтага. Яе нараджэнне стала радасцю для ўсяго чалавецтва, бо Бог учыніў праз яе вялікія справы, а народжаны ёю Хрыстус паяднаў людзей і з’яднаў іх з Богам.

Дзень нараджэння Маці Божай стаў святочным і радасным таксама для ўсіх вернікаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах (Іўеўскі дэканат). 8 верасня кожнага года тут адбываецца парафіяльная ўрачыстасць. Сёлета яшчэ адной нагодай для радасці мясцовых католікаў стала тое, што парафія з 12 жніўня 2012 г. мае новага пробашча — кс. Дзмітрыя Несцера.

Урачыстую Імшу суму цэлебраваў кс. Юрый Марціновіч. У гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што «Боскае мацярынства было галоўнай прычынай нараджэння Марыі». Яна была створана для таго, «каб нарадзіць Езуса Хрыста».

Ксёндз Марціновіч заахвоціў вернікаў скласці ў дар Марыі свае сэрцы. «Сёння яна — Маці — запрасіла таксама і нас, каб разам з намі святкаваць сваё нараджэнне. І гэтае яе запрашэнне актуальнае заўсёды, бо яна запрашае нас не толькі раз у год, але кожны дзень, каб мы прыходзілі да яе, каб адкрывалі свае збалелыя сэрцы ля яе мацярынскага трону, бо яна ўсё разумее і сэрцам агортвае кожнага з нас. Яна ўмее ўбачыць у нас дабро, яна з намі ў кожны час», — адзначыў святар.

Пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.