Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыняў удзел ва ўрачыстым унясенні рэліквій крыві Яна Паўла ІІ у санктуарый у Тракелях | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.10.2012 23:01

22 кастрычніка Касцёл адзначае літургічны ўспамін бл. Яна Паўла ІІ. На гэты дзень прыпадае інаўгурацыя яго Пантыфікату. Касцёл просіць Бога, багатага ў міласэрнасці, каб, дзякуючы навучанню Вялікага Папы, «з даверам адкрыць нашы сэрцы на дзеянне збаўчай ласкі Хрыста, адзінага Адкупіцеля чалавека». У гэты дзень у санктуарыі ў Тракелях Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам прыняў удзел ва ўрачыстым унясенні рэліквій крыві Яна Паўла ІІ.

Рэліквіі будуць захоўвацца ў санктуарыі пастаянна, куды на працягу ўсяго года прыбываюць пілігрымы.

У свяце ўдзельнічалі ўсе святары Гродзенскай дыяцэзіі, якія ў гэты дзень у межах фармацыі паводле ўказанняў Яна Паўла ІІ, што прысутнічаюць у Апостальскай адгартацыі «Pastores dabo vobis», перажывалі свой дзень духоўных сустрэч.

Пад гук любімай песні Вялікага Папы «Barka» ўрачыстасць распачалася ўнясеннем рэліквіярыя з крывёю благаслаўлёнага, які затым быў змешчаны ў адпаведным месцы санктуарыя.

Падчас урачыстасці адбывалася таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прамовіў канферэнцыю, прысвечаную асобе Яна Паўла ІІ. Апостальскі Нунцый адзначыў, што гэта больш асабістае сведчанне, якім ён прагне падзяліцца ў гэты выключны дзень. Іерарх заахвоціў святароў заглыбіцца ў духоўную спадчыну, якую пакінуў Ян Павел ІІ, праз чытанне прац Папы: кніг, энцыклік, Апостальскіх адгартацый.

Па словах арцыбіскупа, людзі, з якімі сустракаўся Папа, адчувалі яго незвычайную і вялікую натуру, якая прыцягвала да сябе іншых. Як дадаў іерарх, Ян Павел ІІ не быў акторам, хоць ужываў багатую жэстыкуляцыю. Гэта быў вялікі чалавек і праваднік, які, калі гэта неабходна, мог і ўзвысіць голас, ведаючы, да каго прамаўляе і якім тонам трэба звяртацца да слухачоў. Як падкрэсліў арцыбіскуп Гуджэроцці, Ян Павел ІІ — гэта чалавек, які ўспрымаў сваё чалавечае цела як прыладу для камунікацыі.

Звяртаючыся да духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнік Святога Айца адзначыў, што праца кожнага святара — «быць чалавекам». Святар «не можа быць тым, хто навучыўся толькі пэўным рухам і паставам падчас фармацыі ў семінарыі, але ён павінен быць кімсьці, хто з кантактаў з людзьмі будзе чэрпаць натхненне да душпастырскай працы, каб прысвячаць сябе іншым людзям».

Па словах арцыбіскупа, папа Ян Павел ІІ умеў «чытаць па чалавечых тварах, распазнаваць іх голас, вельмі добра адчуваць унутраны свет людзей». Таксама Пантыфік моцна адчуваў «сувязь са сваёй краінай, народам, культурай, а адначасова меў вялікае ўменне прымаць іншыя культурныя рэаліі».

Апостальскі Нунцый нагадаў святарам, што яны не належаць да нейкай партыі або групоўкі, а з’яўляюцца свабоднымі людзьмі, і дзякуючы гэтай свабодзе могуць штодзённа даваць сябе іншым.

Прадстаўнік Папы звярнуў увагу таксама на малітву Яна Паўла ІІ. Пантыфік «не меў ніводнай вольнай хвіліны на працягу дня, і ніхто не мог адабраць у яго таго часу, які быў прызначаны на размову з Богам».

Напрыканцы канферэнцыі, узгадваючы пра Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, які зараз адбываецца ў Рыме, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прапанаваў святарам адказаць у цішыні сваіх сэрцаў на асабліва важныя ў Год веры пытанні: ці з’яўляецца наша духоўнае жыццё крыніцай нашага служэння? Ці з’яўляемся мы людзьмі, якія здольныя евангелізаваць?

Як падкрэсліў арцыбіскуп, быць евангелізатарам — значыць «мець у сабе любоў да Евангелля на ўзор любові мужа да жонкі». Апостальскі Нунцый дадаў таксама, што Ян Павел ІІ выразна паказаў: той святар, які не моліцца, не з’яўляецца святаром.

Кульмінацыйным момантам святкавання літургічнага ўспаміну Яна Паўла ІІ стала ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Антоні Дзям’янка і святары дыяцэзіі, якія дзякавалі Богу за новага благаслаўлёнага ў асобе Яна Паўла ІІ.

У гаміліі арцыбіскуп Гуджэроцці прадставіў Вялікага Папу як добрага і клапатлівага пастыра, які заўсёды дбаў аб сваёй аўчарні — Касцёле. Як адзначыў Апостальскі Нунцый, Ян Павел ІІ меў Добрую Навіну для кожнага, даносіў яе да кожнага чалавека. Нягледзячы на свае пакуты і фізічныя недамаганні, ён «ішоў далей, каб несці Добрую Навіну, і меў вялікае жаданне прыносіць суцяшэнне чалавеку». Кожнаму гэты Пантыфік хацеў даць усведамленне сваёй каштоўнасці, а людзі бачылі ў ім «Божага пасланца і сведку».

Арцыбіскуп пажадаў святарам несці людзям Добрую Навіну і рабіць гэта не для таго, каб быць добра ацэненымі пасля смерці, але «каб людзі праз ваша служэнне адчулі, што існуе Айцец, які падрыхтаваў ім Вячэру ў небе і выслаў Духа Суцяшыцеля, які дае сілу, каб ісці пілігрымкай жыцця». Як дадаў Апостальскі Нунцый, тыя, хто ідзе ў санктуарыі, яшчэ мацней павінны адчуваць радасць пілігрымкі ў санктуарый Айца ў небе, бо там ужо не будзе санктуарыяў, але будзе сам Бог.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заклікаў святароў уключыцца ў развіццё Пінскай дыяцэзіі, асабліва Гомельшчыны, дзе ў гады панавання таталітарнай сістэмы было знішчана рэлігійнае жыццё, вернікам забаранялі маліцца ў касцёлах, а святароў каралі смерцю. Біскуп дадаў, што і жаданнем Апостальскага Нунцыя з’яўляецца тое, каб Касцёл у нашай краіне прысутнічаў праз касцёльныя структуры — сетку парафій, у тым ліку на гомельскай зямлі.

На завяршэнне ўрачыстасці да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў усім за ўдзел у сустрэчы, узаемнае братэрскае ўзбагачэнне, і выказаў надзею, што благаслаўлёны Ян Павел ІІ, яго жыццё і справы стануць для многіх святароў натхненнем да далейшай душпастырскай працы і дапамогуць ім станавіцца людзьмі малітвы.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by