Кнігі з бібліятэкі ордэна францішканаў прадстаўлены ў абласной бібліятэцы Гродна | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.11.2012 15:10
Больш за 150 кніг з былой бібліятэкі кляштара айцоў францішканаў выстаўлены ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага. Рарытэтныя выданні кляштара разам з рэдкімі кнігамі з фондаў бібліятэкі прадстаўлены на выстаўцы «Дакрануцца да гісторыі».
 
«У бібліятэцы можна пабачыць кнігі XVII — XIX стст., якія захоўваліся ў былой кляштарнай бібліятэцы францішканаў, — расказаў для Catholic.by а. Юзаф Макарчык ОFMСonv, пробашч францішканскага касцёла ў Гродне. — У асноўным, гэта кнігі па багаслоўю, а таксама матэматыцы, прыродазнаўству, граматыцы, гісторыі, царкоўным і грамадзянскім праве на польскай і лацінскай мовах».

Дадаткова, як паведамляе сайт бібліятэкі, на выставе можна пабачыць рукапісны «Зборнік прывілеяў і дакументаў XVI — XVII ст.», а таксама рукапісныя кнігі, сярод якіх — вершаваны пераклад Старога і Новага Запаветаў Святога Пісання, выдадзены ў Нясвіжы. 

Дапоўнена выстава гравюрамі і фотаздымкамі рэлігійнай тэматыкі. Азнаёміцца з экспазіцыяй можна да 1 снежня 2012 года.
 
(JLS) 
 
 
Падчас адкрыцця выставы
 
 
© 2003-2024 Catholic.by