ХІІ Фестываль калядных песень прайшоў у Сапоцкіне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.01.2013 15:48

Сапраўды сямейную атмасферу і святочную радасць ад Божага Нараджэння — нягледзячы на тое, што яно ўжо прайшло, — можна было адчуць 26 студзеня ў доме культуры ў Сапоцкіне. У гэты дзень там сабраліся вернікі з усяго дэканату на фестывалі калядных песень.

Фестываль адбыўся ўжо ў 12-ы раз. Мэта такіх мерапрыемстваў, як распавяла ў размове з Сatholic.by адна з ініцыятараў фестывалю сястра Гарэцці, — праз спеў праслаўляць Бога за Яго прыйсце ў свет і прабыванне сярод нас, а таксама інтэграцыя вернікаў. Падчас супольных спеваў людзі, як дадала сястра, могуць адпачыць і ўзгадаць прыгожыя хрысціянскія традыцыі і звычаі.

Гасцей фестывалю прывітаў кс. Антоні Абухоўскі, пробашч сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар падзякаваў удзельнікам за тое, што кожны год яны збіраюцца на гэтым супольным святкаванні і праз спеў ствараюць атмасферу сямейнай цеплыні, «дзелячыся любоўю і радасцю з усімі». Пробашч парафіі нагадаў, што спеў калядак — даўні звычай, пра які нельга забываць, бо «народ без традыцыі — не народ».

Падчас фестывалю выступіў хор «Сяброўка» з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. На гэтым свяце не было спаборніцтва — кожны спяваў для Пана; не было ўручэння медалёў — сустрэча не мела на мэце ўзнагародзіць лепшых. Радасць удзельнікам прыносіў сам спеў, ніхто не спяшаўся, быццам разумеючы, што тут, як у сям’і, можна адчуць сапраўдную цеплыню.

Спеў калядак — неад’емны элемент свята Божага Нараджэння. Калядныя песні спявалі з ахвотай усе, жадаючы перадаць гэтую традыцыю з пакалення ў пакаленне. Можна спадзявацца, што на нашай зямлі застанецца гэты прыгожы звычай — збірацца на супольным спеве калядак і радавацца Нараджэнню Пана.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 
© 2003-2020 Catholic.by