Сёстры назарэтанкі арганізавалі духоўную сустрэчу для дзяўчат | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.03.2013 14:38

Рэкалекцыі для дзяўчат прайшлі з 7 па 11 сакавіка ў навагрудскім кляштары сясцёр назарэтанак. Удзельнікамі сталі 30 асоб са Смаргоні, Ліды, Росі і Гродна, якім с. Кляра і кс. Вадзім Сурвіла імкнуліся наблізіць вобраз Збаўцы Езуса Хрыста.

У Год веры першая, лістападаўская, сустрэча прайшла на тэму «Веру ў Бога Айца», чарговая ж плануецца ў канцы чэрвеня і будзе прысвечана веры ў Святога Духа.

На дадзенай жа сустрэчы святар прапанаваў дзяўчатам пытанне, якое сам Хрыстус паставіў перад сваімі вучнямі: «Чаго шукаеце?» (пар. Ян 1, 38). Кожная ўдзельніца павінна была асабіста адказаць Езусу: чаму яна тут, навошта, чаго чакае ад Пана. Такі дыялог адбываўся на малітве.

Прыкладам прымянення пачутых запаведзяў і канферэнцый сталі героі фільмаў «Маці Тэрэза» і «Што б зрабіў Езус?».

Дні рэкалекцый атрымаліся насычанымі. Цяпер галоўнае дазволіць засеянаму Божаму слову прынесці плён.

С. Кляра ад Найсвяцейшай Тройцы

 
© 2003-2024 Catholic.by