«Caritas» у Іўі здзяйсняе ўчынкі міласэрнасці ў Вялікі пост | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.03.2013 18:38

Перыяд Вялікага посту — час для руплівага выканання ўчынкаў міласэрнасці. Гэта таксама добры час для таго, каб вярнуць надзею найбольш бедным. Менавіта таму дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas» у Іўі (філіял «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі) у Вялікі пост занялося распаўсюджваннем упрыгажэнняў на велікодны стол і галінак на Пальмовую нядзелю.

Грошы з іх продажу прызначаны на патрэбы людзей, якія найбольш патрабуюць дапамогі, і для дзяцей з інтэрната. Менавіта апошнія разам з валанцёрамі рабілі ўпрыгажэнні і пальмовыя галінкі.

Ксёндз Ян Гавецкі, ініцыятар акцыі, у размове з Сatholic.by адзначыў, што перыяд Вялікага посту спрыяе таму, каб глыбока зразумець таямніцу Хрыста і наследаваць Яго, а наследаванне Хрыста — задача кожнага хрысціяніна. «Праз акцыю „ўпрыгажэнне на велікодны стол“ мы стараемся наследаваць Хрыста, які прайшоў па зямлі, чынячы ўсім дабро; наследаваць Хрыста, які будзе нас судзіць па ўчынках міласэрнасці», — дадаў святар.

Па словах кс. Гавецкага, падобныя акцыі адбываюцца ў Іўеўскім дэканаце таксама перад Божым Нараджэннем, калі распаўсюджваюцца ўпрыгажэнні на вігілійны стол. «Праз сёлетнюю акцыю мы чынім велікапосную міласціну і наследуем Хрыста, які схіляўся над беднымі і прыходзіў да іх з дапамогай, карміў галодных, аздараўляў хворых і суцяшаў засмучаных», — адзначыў святар.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by