Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Кашкевіч на Пальмовую нядзелю: сапраўднае і пераканаўчае сведчанне дапаможа іншым сустрэць Хрыста
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.03.2013 17:31

Традыцыйна на святкаванне Пальмовай нядзелі ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч запрашае моладзь. Разам з іерархам моладзь горада і навакольных парафій узгадваюць уваход Езуса ў Ерузалем. У гэты дзень усе вернікі прыносяць у касцёл пальмы, сімвал жыцця, якое адраджаецца.

У Гродне ўжо на працягу многіх гадоў існуе прыгожая традыцыя: моладзь прыносіць у касцёл вялікія вербачкі, нават да некалькіх метраў. Такі ўдзел моладзі сведчыць пра малады і адроджаны Касцёл на Гродзеншчыне. А прынесеныя пальмы сведчаць пра новае жыццё.

Сустрэча распачалася на пабернардынскім узгорку, дзе было прачытана Евангелле і адбылося пасвячэнне вербачак. Затым усе вырушылі ў працэсіі, якая таксама мае сімвалічнае значэнне: яна нагадвае пра ўваход Езуса ў Ерузалем і заахвочвае да глыбокага перажывання Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Уваскрасення Пана.

Пасля працэсіі ў катэдры адбылася св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пышная катэдра не змагла ўмясціць усіх вернікаў, якія прыйшлі, каб не толькі асвяціць вербачкі, але і з верай прамовіць: Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!

У сваёй гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што ў Пальмовую нядзелю распачынаецца святкаванне Вялікага тыдня. Гэтыя дні, як падкрэсліў, для ўсіх людзей з’яўляюцца «нагодай для пераасэнсавання і глыбокага перажывання пасхальнай таямніцы, якая з’яўляецца пераходам Езуса праз ганебную муку і смерць да хвалы ўваскрасення».

Як адзначыў біскуп Кашкевіч, літургія Пальмовай нядзелі запрашае нас схіліцца над найбольшай таямніцай нашага збаўлення: «Невыпадкова сённяшняя нядзеля атрымала назву Нядзелі Мукі Пана. Яна ўводзіць нас у атмасферу Вялікага тыдня і збаўчай пасхальнай таямніцы. Мы чытаем Муку Пана, каб ужо цяпер разважаць над тым, што неўзабаве станецца».

Звяртаючыся да моладзі, біскуп Кашкевіч адзначыў: «Ідучы ў працэсіі з вашымі вербамі праз плошчу і па вуліцах Гродна, вы склалі адважнае сведчанне сваёй веры і любові да Хрыста. Паказалі іншым, што Хрыстус займае ў вашым жыцці важнае месца, і тое, што вы жадаеце быць Яго сапраўднымі вучнямі, каб ісці за Ім і верна захоўваць Яго навучанне». Іерарх разважаў таксама аб тым, што азначае быць верным вучнем Хрыста? Пастыр Гродзенскага касцёла ўказаў, што абавязкам хрысціяніна з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова: «Хрысціяне, усе без выключэння, атрымалі ад Хрыста гэтае заданне. Гэта патрабуе ад нас асабістай сустрэчы з Хрыстом, наследавання Хрыста, адкрыцця на Яго слова і дзейнасць Божай ласкі. Толькі той, хто асабіста сустрэў Хрыста ў сваім жыцці і мае досвед Яго любові, будзе здольны дзяліцца радасцю Евангелля з іншым чалавекам».

На заканчэнне іерарх дадаў, што кожны хрысціянін пасланы абвяшчаць Божае слова: «Гэтымі „народамі“, пра якія гаворыць Хрыстус і якім мы павінны абвяшчаць Евангелле, з’яўляюцца нашыя сем’і, мікрараёны, месцы працы і навучання, равеснікі, месцы адпачынку. Калі нашае сведчанне будзе сапраўднае і пераканаўчае, то гэта стане для іх каштоўным дарам і дапаможа ім сустрэць Хрыста».

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме