«Хрысціянства, як дрэва: яно павінна даваць плады»: Беларусь наведалі прадстаўнікі Папскіх місійных ініцыятываў | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.04.2013 13:46

Прадстаўнікі Папскіх місійных ініцыятываў з Польшчы — нацыянальны сакратар Папскай місійнай уніі а. Лука Бовіа IMC і нацыянальны сакратар Папскай ініцыятывы па распаўсюджванні веры і Папскай ініцыятывы св. Пятра Апостала кс. Багдан Міхальскі днямі наведалі Беларусь.

Візіт насіў неафіцыйны характар: госці былі запрошаны на Дні духоўных сустрэч у Гродна, дзе расказалі клерыкам і святарам пра місійную працу і Папскія місійныя ініцыятывы.

Даведка: Папскія місійныя ініцыятывы — структура, якая аб’ядноўвае чатыры арганізацыі: Папская ініцыятыва па распаўсюджванні веры, Папская ініцыятыва св. Пятра Апостала, Папская місійная ініцыятыва па справах дзяцей і Папская місійная унія. Сёння структуры Папскіх місійных ініцыятываў існуюць у 150-і краінах свету.

Распавядае кс. Багдан Міхальскі:

«Гэта не рух ці якаясьці арганізацыя, але афіцыйная касцёльная структура, заснаваная з мэтай падтрымкі місій Касцёла ва ўсім свеце. Кожная з ініцыятыў паўставала асобна і мела свайго асобнага заснавальніка. Найстарэйшая, Папская ініцыятыва па распаўсюджванні веры, была заснавана 190 гадоў таму. Далей была ўтворана Папская ініцыятыва дзяцінства Езуса — калі дзеці дапамагаюць дзецям. Затым паўстала ініцыятыва св. Апостала Пятра. Каб на місійных тэрыторыях маглі вучыцца. Астатняй паўстала Папская місійная унія ў 1914. Гістарычна гэта былі чатыры розныя арганізацыі, але па сутнасці мы — адзіны арганізм».

— Як даўно Папскія місійныя ініцыятывы існуюць у Польшчы?

Кс. Багдан Міхальскі (далей БМ):

— У Польшчы з 1825 года. Структура ў Польшчы выглядае наступным чынам: ёсць нацыянальная дырэкцыя, а ў кожнай дыяцэзіі ёсць адказны дыяцэзіяльны дырэктар Папскіх місійных ініцыятыў, які на ўзроўні дыяцэзіі адказвае за рэалізацыю нашых праектаў і ідэй.

— Дзе яшчэ ва Усходняй Еўропе прадстаўлены Папскія місійныя ініцыятывы?

— Нас няма ва Украіне, Беларусі і Расіі. Яшчэ не ўпэўнены, ці мае такія структуры Літва. У Чэхіі, Славакіі, Венгрыі мы працуем. У Польшчы гэтыя структуры развітыя вельмі добра, у нас ёсць нават сваё выдавецтва.

— Магчыма, акрамя выдавецтва Папскія місійныя ініцыятывы маюць у Польшчы сваё СМІ?

— Наша выдавецтва мае назву «Missio-Polonia». Мы заснавалі яго для таго, каб мець магчымасць афіцыйна друкаваць неабходную для працы літаратуру: кнігі, часопісы і г.д. Акрамя гэтага ў нас ёсць інтэрнэт-старонка. Таксама мы маем дамоўленасць з «Радыё Марыя», дзе раз на тыдзень мы рыхтуем радыёперадачы.


— Якія магчымасці для католікаў і Канферэнцыі Біскупаў дае прысутнасць Папскіх місійных ініцыятыў у краіне?

— Гэта вельмі важнае пытанне. У Беларусі, на жаль, нас яшчэ няма. Ці будзем? Магчыма, што так. Мы — частка Касцёла, які з’яўляецца паўсюдным: ва ўсіх краінах і кантынентах.

Натуральным развіццём хрысціянства з’яўляецца тое, што калі мы слухаем Евангелле, то маем абавязак ім падзяліцца. І тут пытанне: з кім дзяліцца, дзе тыя тэрыторыі, куды трэба занесці Евангелле? І гэта з’яўляецца адкрыццём католікаў на ўвесь свет…

Пра гэта мы ўласна і гаварылі ў семінарыі ў Гродне. 20 гадоў пасля аднаўлення стуктур. У Гродзенскай дыяцэзіі каля 170 святароў. Магчыма, прыйшоў час ехаць кудысьці далей. Туды, дзе католікаў або хрысціян толькі пяць працэнтаў ці толькі два. Чакаюць і Казахстан, і Манголія, і краіны Каўказа. Пакуль мы не бачым тых краін, нам здаецца, што нам цяжка. Але хрысціянства расце, як тое дрэва, — каб даваць плады.

— Ці можа свецкі чалавек стаць місіянерам?

— Сёння ў нас на місіях працуе каля 50 свецкіх асобаў. І гэта не валанцёры, якія часова паехалі кудысьці на пару месяцаў, але асобы, якія паехалі на місіі мінімум на два гады. Некаторыя, праўда, як паехалі, так і працуюць там ужо і дваццаць, і трыццаць гадоў. Увогуле ж такая з’ява як «свецкія місіянеры», дастаткова рэдкая.

З Польшчы ў якасці місіянераў ва ўсім свеце працуе каля 2-х тысяч чалавек. Святары, сёстры законныя (каля 700 чалавек), манахі і свецкія асобы. І гэта не лічачы валанцёраў.

Адно з нашых заданняў — абудзіць пакліканні для працы на місіях. Мы публікуем запрашэнні з місійных краін. Пішам аб тым, як гэта выглядае і якая праца чакае там місіянераў.

— Што людзі робяць на місіях?

а. Лука Бовіа IMC (далей ЛБ):

— Я належу да супольнасці місіянераў. І наша галоўная мэта — абвяшчэнне Евангелля тым, хто не ведае Бога. У той жа Манголіі, скажам. Праз пару гадоў нашага прабывання там чатыры асобы папрасілі ўдзяліць ім сакрамэнт хросту. Пачыналася ўсё з малітвы: а чаму вы так моліцеся? А хто вы і адкуль? І так пачынаецца евангелізацыя. Але ў Афрыцы інакш. Школы, універсітэты — працуем у рамках гэтых устаноў.Гэта могуць быць праграмы здароўя або праекты для жанчын. У асноўным усё залежыць ад кантэксту.

— Ці ўлічваюць будучыя місіянеры рызыку для жыцця падчас працы на місіях?

БМ:

— Штогод мы друкуем акалічнасці смерці ўсіх місіянераў з Польшчы, якія працавалі дзе-небудзь на місіях. Сярод прычынаў смерці найбольш частая — смерць ад кулі. Нярэдкія і напады рабаўнікоў: ты з Еўропы, значыць у цябе ёсць грошы і на цябе нападуць. Табе нічога не трэба казаць, ты белы — колер тваёй скуры ўжо ўсё сказаў за цябе... Кожны год такіх нападкаў здараецца каля 30. У мінулым годзе было 12 — пацярпелі дзесяць святароў, адна законная сястра і адна свецкая асоба.

Людзі, якія рыхтуюцца да выезду, бачаць усю гэту сітуацыю, аналізуюць. Ты можаш захварэць, а цябе не паспеюць завесці ў шпіталь. Гэта  рэчаіснасць. Я працую духоўным кіраўніком у доме, дзе рыхтуюцца да выезду будучыя місіянеры і бачу гэту сітуацыю знутры. Людзі рыхтуюцца да гэтага маральна. Але не адмаўляюцца.

— Ці цікавіцца місіянерствам моладзь?

БМ:

— Цікавіцца і даволі актыўна. Але мы не займаемся гэтай працай.

ЛБ:

— За падрыхтоўку моладзі да місій звычайна адказваюць сальватарыяне або салезіяне.

БМ:

— Таксама добры асяродак ёсць у Познані, дзе арганізавана студэнцкае місійнае кола — адно з буйнейшых у Польшчы.

— У Беларусь вы былі запрошаны на Дзень духоўных сустрэч святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Пра што вы расказвалі духоўным асобам і якой была рэакцыя?

ЛБ:

— Мы расказалі пра нашу працу і пра тое, як можна паехаць працаваць на місіі. Нам задавалі пытанні, цікавіліся. І было бачна, што хоць і пакрысе, але беларусы адкрываюцца на гэтае пакліканне. Клерыкі казалі, што маюць думкі выехаць кудысьці на місіі, каб паглыбіць у сабе тую ці іншую тэму. Мы задаволеныя тым, як прайшлі нашыя сустрэчы тут, у Беларусі. Беларусь таксама ў стане дапамагаць і даваць кагосьці для місій.

— Ці могуць з’явіцца ў Беларусі Папскія місійныя ініцыятывы?

МБ:

— Я думаю, калісьці прыйдзе час і ў Беларусі на гэту структуру. Я нават не ведаю, ці павінны аб гэтым наўмысна папрасіць біскупы або Апостальскі Нунцый, які засведчаць, што час для стварэння такіх структур тут нарэшце прыйшоў. Але спачатку тут трэба падрыхтаваць пляцоўку для працы гэтых структур. Гаворка не ідзе пра прызначэнне якога-небудзь адказнага чалавека, гаворка ідзе пра фармаванне адпаведнага мыслення.

У семінарыі мы казалі: быў час, калі трэба было будаваць сцены, а сёння прыйшоў час на душпастырства, каб сцены ўмацаваць. Важную ролю павінна адыгрываць евангелізацыя. Тым, хто ёю займаецца, трэба ўсвядоміць: я больш не адзін — я маю Духа, каб з Ім ісці.

Гутарыў І. Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by