У парафіях Гродзенскай дыяцэзіі прадстаўлены спектакль пра с. Малгажату Шаўчук — будучую благаслаўлёную | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.04.2013 16:28

Сёстры серафіткі разам з дзецьмі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з Сапоцкіна ў межах падрыхтоўкі да беатыфікацыі с. Малгажаты Люцыі Шаўчук, адной з заснавальніц супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай, наведваюць парафіі Гродзенскай дыяцэзіі. У спектаклі «Мець сэрца, адкрытае на іншых» дзеці прадстаўляюць жыццёвы шлях с. Малгажаты, якая будзе беатыфікавана 9 чэрвеня ў Кракаве-Лагеўніках.

21 красавіка спектакль быў паказаны ў парафіі ў Адамавічах і гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У бліжэйшую нядзелю дзеці прадставяць постаць с. Малгажаты Шаўчук у іншых парафіях дыяцэзіі.

У падрыхтоўцы слоўна-музычнага сцэнарыя спектакля ўдзельнічала моладзь парафіі ў Сапоцкіне. У спектаклі маладыя акцёры заахвочваюць да таго, каб кожны меў сэрца, адкрытае на Бога і людзей, бо тады жыццё кожнага стане шчаслівым ужо на зямлі, а пасля для яго адкрыецца неба.

Малгажата Люцыя Шаўчук нарадзілася ў 1828 г. на Валыні. Была чулай на Божую дзейнасць і патрэбы бліжніх. Шукаючы шлях свайго жыцця, адважна ўключылася ў дапамогу патрабуючым. Два гады яна правяла на Святой Зямлі, дзе апекавалася хворымі пілігрымамі. Сваё пакліканне яна разумела як «сястра ўбогіх».

У 1881 г. с. Малгажата пачала заснаванне новай законнай супольнасці сясцёр серафітак з дапамогай благаслаўлёнага Ганарата Казмінскага. Затым, як маці гэтай супольнасці, рэалізавала яе ў 70 розных месцах. Сёстры серафіткі засноўвалі шпіталі, пачатковыя школы, кухні для бедных, дамы прытулку, наведвалі самотных і хворых, апекаваліся дзецьмі і моладдзю.

Сёння жыццё і дзейнасць маці Малгажаты з’яўляюцца для новых пакаленняў серафітак і ўсіх хрысціян узорам таго, як адкрыцца на найвялікшы Божы дар — Яго любоў, якая праз крыж Хрыста аб’явілася свету як любоў міласэрная. Гэты прыклад будучай благаслаўлёнай — запрашэнне, каб заўважыць побач з сабой людзей, што перажываюць пакінутасць і безнадзейнасць, каб прыйсці з дапамогай таксама да бедных дзяцей і моладзі, якая згубілася сярод шматлікіх прапановаў свету. Асаблівую ўвагу сёстры серафіткі прысвячаюць дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі, бедным і пакінутым. Супольнасць імкнецца быць адкрытай на актуальныя патрэбы людзей.

У Беларусі сёстры серафіткі служаць у парафіі ў Сапоцкіне, дзе актыўна ўдзельнічаюць у душпастырскай працы, праводзячы катэхезу сярод дзяцей і моладзі, атачаючы апекай пажылых, самотных і хворых, якіх рэгулярна наведваюць.

Больш інфармацыі пра супольнасць Дачок Маці Божай Балеснай на старонцы www.serafitki.pl.

Кс. Юрый Марціновіч


 
© 2003-2024 Catholic.by