Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абраз Маці Божай Тракельскай прыцягвае многіх пілігрымаў: гістарычная даведка
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.07.2015 13:56

Набліжаюцца штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях. Абраз Маці Божай, славуты ласкамі, мае доўгую гісторыю.


Гэта копія абраза Мацi Божай з Рыма (Salus populi Romani), быў прывезены ў парафію на рубяжы XVI-XVII стст. з Вільні (1595 г.). Быў намаляваны на палатне памерамі 180x100. Стваральнік копіі рымскага абраза невядомы. Верагодна, абраз падарылі айцы езуіты, якія ў гэты час былі ўладальнікамі суседніх будынкаў у Дворышчах. Таксама яны, як пацвярджаюць гістарычныя крыніцы, паспрыялі распаўсюджванню культу абраза Маці Божай з базылікі Маці Божай Снежнай з Рыма, перадаўшы яго копію ў розныя мясцовасці. З самага пачатку абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках быў змешчаны ў галоўным алтары тракельскага касцёла і карыстаўся вялікай пашанай вернікаў.


Цудам уратаваны

Асаблівай увагі заслугоўвае падзея 1656 г., звязаная з гэтым вядомым ласкамі абразом. Падчас польска-маскоўскай вайны касцёл быў спалены непрыяцельскім войскам. Вернікі знайшлі сярод попелу абраз Маці Божай, які не пашкодзіла полымя. Парафіяльная хроніка пацвярджае факт, што абраз знайшоў невідушчы чалавек, які пры гэтым атрымаў зрок. На новым пляцы была адбудавана святыня, і абраз зноў быў змешчаны ў галоўным алтары. Пашана да Маці Божай у гэтым абразе пастаянна ўзрастала. Аб гэтым гавораць і шматлікія ласкі, атрыманыя вернікамі пры ім. Народ Божы першы раз назваў Марыю на гэтым абразе Маці Божая Тракельская (Пані Тракельская). У 1738 г. зноў здарыўся пажар, і абраз зноў быў цудоўна ўратаваны ад агню.

У ІІ палове XVIII ст. айцы езуіты, адбудаваўшы касцёл пасля пажару, замовілі невядомаму мастаку намаляваць на абразе Маці Божай постаць святога каралевіча Казіміра Ягелончыка, які быў кананізаваны ў 1602 г. і абвешчаны апекуном Літвы. Святы прадстаўлены на абразе ў паставе на каленях, пагружаны ў малітву, з ружанцам у складзеных руках, углядаючыся ў вобраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Верагодна, з прычыны вялікай пашаны, якой каралевіч атачаў Маці Божую, і пашырэння яго культу сярод вернікаў у Вялікім княстве Літоўскім, была намалявана яго постаць у левай ніжняй частцы абраза.

З гэтага часу св. каралевіч Казімір стаў у гісторыі тракельскага абраза як бы сімвалам клопату аб большым развіцці набажэнства ў гонар Маці Божай у гэтай мясцовасці.

На працягу ўсёй гісторыі прабывання ў Тракелях абраз знаходзіўс ў галоўным алтары і яго наведвалі шматлікія вернікі з усяго дэканату. Цуды і ласкі, якія адбыліся, не апісваліся або іх хроніка, магчыма, загінула.


Аздараўленні – доказ Божай ласкі

Да нашых дзён дайшлі звесткі пра аздараўленне дванаццацігадовай дзяўчынкі, хворай на параліч ног. Бацька прывёз яе на возе, каб яна магла прыняць удзел у адпустовай Імшы. Па дарозе дзяўчынка моцна малілася Маці Божай, просячы аб цудзе. Калі воз пад’ехаў да галоўнага ўваходу ў касцёл, дзяўчынка цудоўным чынам сама ўстала і прайшла да абраза, каб падзякаваць Маці Божай Тракельскай за ласку аздараўлення.

Знакам цудоўнага аздараўлення было таксама здарэнне ХІХ ст. У адпаведнасці з намерамі мясцовага калгасу касцёл павінен быў быць разабраны. Парафіяне сталі ў абарону сваёй святыні і абраза. Сустрэўшыся з моцным і рашучым супраціўленнем людзей, улады адмовіліся ад намеру знішчыць святыню. Касцёл быў толькі зачынены, і прытым з-за адсутнасці святара. 30 гадоў парафіяне днем і ноччу пільнавалі сваю святыню і славуты ласкамі абраз. У гэты перыяд, хоць у касцёле не было святара, кожны год 2 ліпеня на прыкасцёльным пляцы збіралася да некалькі соцень пілігрымаў, якія разам маліліся Маці Божай і спявалі песні ў Яе гонар.

Санктуарый – месца рэлігійнага жыцця


Культ Маці Божай у тракельскім абразе адрадзіўся нанова пасля ўтварэння ў 1991 г. Гродзенскай дыяцэзіі. З сярэдзіны 90-х гадоў ХХ ст. заўважалася незвычайнае ажыўленне ў тракельскім касцёле. Многія вернікі прыбывалі да абраза Маці Божай, каб праз Яе заступніцтва прасіць Пана Бога аб патрэбных ласках. Гэтае месца за параўнальна невялікі перыяд, некалькі дзясяткаў гадоў свайго функцыянавання, стала сапраўдным асяродкам марыйнага жыцця ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Выразны знак славутага ласкамі месца – тое, што вернікі пасля адпустовых урачыстасцяў пакідаюць каля абраза Маці Божай Тракельскай карткі, на якіх напісаны просьбы і падзякі Панне Марыі за атрыманыя ласкі. Сярод найбольш частых – падзякі за аздараўленне з фізічнай хваробы, за вяртанне да цвярозасці і выратаванне ад п’янства, за паяднанне ў сакрамэнце пакаяння і навяртанне блізкіх.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, з клопатам аб памнажэнні ў новаўтворанай дыяцэзіі культу Марыі, у 1995 г. устанавіў сваім дэкрэтам касцёл у Тракелях марыйным санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

5 ліпеня 2009 г. абраз Маці Божай Тракельскай быў каранаваны папскімі каронамі. Ускладанне карон здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк, а біскуп Аляксандр Кашкевіч прамовіў акт аддання дыяцэзіі ў апеку Маці Божай Тракельскай.

Праграма сёлетніх урачыстасцяў у Тракелях>>>


Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.