Лагер для дзяцей прайшоў у парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.07.2015 15:27

Святы Ян Боско не раз паўтараў дзецям і моладзі, што “Лета – жніво для д’ябла”, таму заклікаў іх планаваць свой час так, как быць занятымі, каб не было часу рабіць грахі. Гэтаму закліку заўсёды застаецца вернай Салезіянская сям’я, якая летам не адпачывае, а старанна працуе на карысць дзяцей і моладзі.

З 13 па 24 ліпеня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні праходзіў лагер для дзяцей з 6 да 14 гадоў “Вакацыі з Богам”. На працягу двух тыдняў каля 100 дзяцей разам з 30 аніматарамі i памочнікамі, кс. Станіславам Краўчанкам SDB, с. Веранікай Блізнюк FMA, с. Валянцінай Кот FMA і дыяканам Алегам Каралёвым SDB разважалі над жыццём св. Яна Боско праз сведчанне хлопцаў, якія яго сустрэлі пры жыцці.

Праз асобаў Луіджы Камолла, Філіпа Рынальдзі, Луіджы Арыёнэ, Міхала Руа, Яна Баціста Франчэзіо, Барталамео Гарэллі і іншых дзеці вучыліся быць радаснымі, дасягаць сваіх мэтаў, быць адной сям’ёй у Хрысце, пазнаваць сябе, распазнаваць сваё пакліканне і імкнуцца да святасці. Прыклад гэтых хлопцаў паказаў удзельнікам лагеру, як ксёндз Боско змяніў іх жыццё, як пасля сустрэчы з ім яны ўбачылі сапраўдную радасць у прабыванні з Хрыстом у Эўхарыстыі. Таму невыпадкова дэвізам лагеру былі словы “Яны спаткалі ксяндза Боско”. На працягу 10 дзён дзеці імкнуліся рабіць маленькія крокі наперад да святасці падчас штодзённай святой Імшы, вясёлых танцаў, працы ў групах і, канешне, гульняў.


За дні адпачынку кожнае дзіця магло наведаць два гурткі.Выбар быў шырокім: танцы, тэатр, беларускія сувеніры, домікі з запалак, пано з нітак і шмат іншага. Праграма прадугледжвала экскурсію ў пажарную частку, дзе дзецям прадэманстравалі і паказалі элементы працы гэтай службы. Таксама быў запланаваны выхад на прыроду, дзе дзяцей чакаў Дзень будучыні. Хлопчыкі і дзяўчынкі цешыліся магчымасці самім прыдумаць атрыбутыку і традыцыі сваёй планеты, а таксама пабудаваць карабель-дом і прадставіць танец.

У апошні дзень – Дзень удзячнасці – дзяцей і іх бацькоў чакаў развітальны канцэрт, на якім падводзіліся вынікі лагеру і гучалі словы падзякі. Вялікая радасць пануе і па сённяшні дзень у сэрцах дзяцей і ўсіх арганізатараў “Вакацый з Богам”. Арганізатары спадзяюцца, што зярняткі, якія былі пасеяны ў душах дзяцей, прынясуць багаты плён, што за гэты час яны сапраўды спаткалі Дона Боско, які зменіць іх жыццё.


Салезіянскі аніматар Вераніка Ярмак

 
© 2003-2024 Catholic.by