«У яго спявалі нават студэнты без слыху»: успаміны пра загінулага кс. Тадэвуша Вышынскага | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.12.2016 11:05

«Ён, як звычайна, паехаў на могілкі да свайго сябра а. Міхала Варанецкага. Паставіў свечку на яго магіле і вяртаўся назад...  Цяпер яны сустрэліся». Вечарам 23 снежня ў Гродне ў аўтамабільнай аварыі загінуў кс. Тадэвуш Вышынскі.

Ёсць верагоднасць, што за рулём 86-гадоваму святару стала дрэнна, і таму машына ўрэзалася ў дрэва.

Манах з Польшчы апошнія 25 гадоў жыцця служыў у Гродне, у Вышэйшай духоўнай семінарыі. Вучыў будучых святароў дагматам веры і спеву. Працаваў да апошняга дня.

«Гэта Чалавек, Святар, Прафесар з вялікай літары, — узгадвае пробашч гродзенскага фарнага касцёла кс. Ян Кучынскі. — Ён прысвячаў сябе выкладанню на ўсе 150 працэнтаў. (...) Быў патрабавальным да студэнтаў. Экзамен па дагматыцы мог працягвацца ад раніцы да поўначы. У яго спявалі нават семінарысты без слыху. Ён выхаваў каля 200 святароў».

Спачылы святар цікавіўся новымі тэхналогіямі, авалодаў камп’ютарам. Ведаў польскую, беларускую, рускую, французскую, італьянскую мовы.
«Ён быў вельмі інтэлігентны. Ніколі не павышаў голасу. Ніколі не сказаў студэнту, што той безнадзейны. Яго любімымі словамі былі “трэба паспрабаваць”. Заўсёды быў у добрым настроі, не скардзіўся на здароўе або старасць. На пытанне “як справы?” заўсёды адказваў: “Добра! Ідзём наперад”. Распавядаў, што ў яго яшчэ шмат планаў і хацеў многае паспець».

Паводле vgr.by
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by