Згарэў касцёл у Клюшчанах — месца служэння Казіміра Сваяка (абноўлена) | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.06.2017 13:13

У ноч на 6 чэрвеня ў в. Клюшчаны Астравецкага раёна дашчэнту згарэў парафіяльны касцёл св. Яўхіма. Cвятыня па нядзелях і святах збірала каля 30 вернікаў з больш чым дзесяці навакольных вёсак. Усяго да парафіі належыць да 150 вернікаў.

фота Аляксандра Дарашэвіча

Да Клюшчанскай парафіі належалі такія вёскі як Масцяны, Барані, Трашчаны, Буйкі, Сухарышкі, Петрашышкі, Вялікая вёска, Пагулянка, Будрані, Папялішча, Кісялі, Лакцяны, Казаноўка і інш.

29 ліпеня ў гэтым касцёле павінен быць прайсці парафіяльны фэст. Сёння бліжэйшы ад Клюшчанаў касцёл знаходзіцца ў Жукойнях Жэлядзкіх.

«Табернакулюм захаваўся, але паплавіўся»

Як расказаў Catholic.by пробашч парафіі кс. Анатоль Захарэўскі, мясцовыя жыхары заўважылі пажар у 05.50 ранку, пры гэтым яшчэ ў 04.00 касцёл быў цэлым — побач з ім праязджаў малакавоз, кіроўца якога не заўважыў ніякіх прыкметаў дыму ці агню.

«Касцёл быў драўляны, таму так хутка і згарэў — яго не ўратавалі нават восем пажарных машын, якія прыехалі на месца, — распавядае пробашч. — Табернакулюм захаваўся, але паплавіўся. У сакрыстыі знаходзіўся абраз св. Юрыя, але загінуў у агні...»


Першая святая Камунія ў Клюшчанскім касцёле ў 2012 годзе

Паводле слоў святара, касцёл у Клюшчанах не быў уключаны ў спіс помнікаў архітэктуры, якія ахоўваліся дзяржавай.


Клюшчанскі касцёл быў пабудаваны ў 1785 годзе і дзейнічаў да 1948 года, калі быў закрыты савецкай уладай. У 1990-я яго аднавілі і адбудавалі. Паўторнае пасвячэнне святыні адбылося ў 1993 годзе.

Касцёл у Клюшчанах — месца служэння Казіміра Сваяка

Касцёл у Клюшчанах — месца, дзе нёс служэнне кс. Канстанцін (Кастанты) Стэповіч (паэтычны псеўданім — Казімір Сваяк). Якраз у гэтым касцёле ў 1915 годзе ён прамовіў адно з першых сваіх казанняў на беларускай мове, што ў той час было ў навінку.

У клюшчанскай парафіі Казімір Сваяк арганізаваў парафіяльны хор, у якім іграў на скрыпцы і спяваў. Таксама дзякуючы намаганням святара ў наваколлі была арганізавана праца некалькіх школ з беларускай мовай навучання.



На дадзены момант па факце пажару вядзецца праверка. Як дадаў пробашч, асноўныя версіі дзве — узгаранне праводкі ці падпал.

(cath)

 
© 2003-2024 Catholic.by