Дыяцэзіяльная Парафіяда ў Гродне прыняла рэкордную колькасць удзельнікаў (+фота) | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.06.2017 13:16

У правядзенні Парафіяды, якая сёлета праводзіцца 19-22 чэрвеня, дапамагаюць 20 валанцёраў і 10 членаў аргкамітэту пад кіраўніцтвам кс. Артура Малафея.

Старт Парафіяды

Адкрылася Парафіяда святой Імшой, якую ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гроднt-Паўднёвым узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх прывітаў удзельнікаў і падзякаваў тым, хто дапамагаў у падрыхтоўцы падзеі.

У гаміліі a. Вітольд Пяцельчыц SchP нагадаў пра духоўныя карані Парафіяды — ля яе вытокаў стаяў а. Юзаф Ёнц SchP (Польшча). Айцец Вітольд дадаў, што ордэн Айцоў Піяраў перажывае важную падзею — 400-гадовы юбілей свайго заснавання і 250-ю гадавіну кананізацыі яго заснавальніка св. Юзафа Каласанса.

На заканчэнне Эўхарыстыі быў унесены сцяг Парафіяды, удзельнікі прачыталі спецыяльную прысягу і кс. Артур Малафей урачыста аб’явіў аб афіцыйным адкрыцці Парафіяды.

Ужо вечарам прайшлі некаторыя конкурсы — мастацкі (малюнак) і тэатральны, а таксама кваліфікацыя ў шашках. Першы дзень скончыўся вечаровай малітвай у парафіяльнай святыні.

Парафіяда як трэніроўка цнотаў

Другі дзень Парафіяды распачаўся з Эўхарыстыі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Гэтую святую Імшу цэлебравалі новапрэзбітэры, якія ўдзялілі кожнаму ўдзельніку прыміцыйнае благаслаўленне.

У гэты дзень адбыліся інтэлектуальныя конкурсы на веданне Бібліі і жыцця Касцёла, а таксама музычныя конкурсы. У другой палове дня ўдзельнікі мелі магчымасць суцішыць сваё сэрца падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вечарам прайшло ўзнагароджанне пераможцаў.  

21 чэрвеня святую Імшу для ўдзельнікаў Парафіяды цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў, што галоўным заданнем Касцёла сёння з’яўляецца новая евангелізацыя — абвяшчэнне Евангелля новымі спосабамі.



Поўны тэкст гаміліі ТУТ››

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў словы папы Францішка, што «спорт — гэта ўніверсальная мова, якая збліжае народы і можа прычыніцца да сустрэчы людзей і пераадолення канфліктаў. Таму спорт трэба ўспрымаць як трэніроўку цнотаў і спосаб інтэгральнага развіцця як чалавека, так і грамадства».


«Трыяда Парафіяды — святыня, тэатр і стадыён — павінны спрыяць гэтаму працэсу, — зазначыў іерарх. — На духоўным стадыёне, якім з’яўляецца Касцёл, пазнавайце вечна жывое і актуальнае Божае слова, шчодра чэрпайце з крыніцы Божай ласкі, якой з’яўляюцца сакрамэнты, і духоўна ўзрастайце, каб, беручы прыклад з Марыі і наследуючы яе цноты, асабліва цноту цярплівасці, у тэатры вашага маладога жыцця быць сведкамі Евангелля, той вечнай праўды, якая вядзе да збаўлення», — заключыў арцыбіскуп.


А. Павел Федаровіч MIC, (cath)
Фота Баляслава Гавецкага

 
© 2003-2024 Catholic.by