Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць у Гудагаі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
20.07.2009 20:10 |
16–18 ліпеня 2009 г. у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай Шкаплернай. 16 ліпеня, у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармель, у санктуарый прыбыла моладзь з Астравецкага дэканату і іншых куткоў Беларусі на рэкалекцыі, спалучаныя з адпустам. Сустрэчу моладзі распачаў Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У прывітальным слове біскуп заахвочваў хлопцаў і дзяўчат трываць у Хрысце і сведчыць пра Яго. На заканчэнне супольнай малітвы Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі асвяціў крыжы, з якіх пасля ўтварылася Гудагайская Кальварыя, а таксама ўдзяліў пастырскае благаславенне ўдзельнікам сустрэчы на далейшае супольнае прабыванне і малітву. Адпустовыя ўрачыстасці на наступны дзень, 17 ліпеня, распачаліся святой Імшой і Навэннай да Маці Божай Шкаплернай. Асабліва значным пунктам праграмы стаў таксама Крыжовы шлях на Гудагайскую Кальварыю. У працэсіі вернікі няслі 18 крыжоў, 16 з якіх і ўтварылі Крыжовы шлях. Першая стацыя была размешчана на гары (з якой добра бачны касцёл і ваколіцы), а апошнім прыпынкам сталі тры крыжы, устаноўленыя на мясцовых могілках. У будучым Гудагайская Кальварыя будзе заканчвацца стацыяй уваскрасення Хрыста, якая размесціцца паміж касцёлам і могілкамі. Напрацягу ўсёй ночы вернікі трывалі на малітве. А зранку невялікі Гудагай напоўніўся пілігрымамі, колькасць якіх у некалькі разоў перавышала колькасць мясцовага насельніцтва. Галоўным пунктам святочных урачыстасцяў стала святая Імша апоўдні 18 ліпеня, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Падчас гаміліі біскуп заклікаў прысутных да няспыннай малітвы і вернасці Богу, які заўсёды застаецца верным чалавеку. Узгадваючы вядомых мысліцеляў, пісьменнікаў і вучоных розных эпох, пастыр падкрэсліў, што сапраўдную мудрасць можна знайсці толькі ў Богу. Біскуп Казімір звярнуўся таксама да постаці Марыі, якая з’яўляецца прыкладам даверу Богу і абаронай для кожнага хрысціяніна. «Аддайцеся Яе абароне, бо, як сцвярджаў св. Бернард, „ніколі не было, каб яна пакінула таго, хто да Яе звяртаецца, Яе на дапамогу кліча, Яе апекі просіць“», — нагадаў біскуп Велікаселец. Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі а. Казімір Мараўскі OCD запрасіў вернікаў наведваць Гудагай як мага часцей, а не толькі з нагоды адпусту. А. Аркадзь Куляха OCD Фота М.Новікава |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.