Зварот Апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Францішка Кісяля ў сувязі з выбарам новага Пантыфіка Францішка | Друк |
Іерархі
14.03.2013 20:42

HABEMUS PAPAM!

Благаслаўлёныя Апосталы, пасля заснавання і ўстанаўлення Святога Рымскага Касцёла і мучаніцкай смерці Апосталаў Пятра і Паўла, даручылі гэтае біскупскае служэнне Ліну. Пра гэтага Ліна Св. Павел узгадвае ў пасланні да Цімафея.
(Св. Ірыней. Супраць ерасяў. ІІІ,3,3)


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Вышэй зацытаваныя словы з’яўляюцца адным з нямногіх сведчанняў старажытнага хрысціянства пра першы канклаў. Іх аўтар, святы Ірыней, напісаў гэтыя радкі ў ІІ стагоддзі. Такім чынам, паводле сведчання традыцыі ў 67 годзе, пачалася гэтая вялікая гісторыя выбару Біскупа Рыма, якая і ў нашыя часы не перастае хваляваць хрысціянаў і ўвесь свет.

Вядома, сёння пра канклаў мы чулі так шмат, што словы святога Ірынея здаюцца нам вельмі сціплымі і ні ў якім разе не змаглі б задаволіць цікавасць нашага медыйнага свету. Але гэтыя некалькі сказаў, разбіваючы эйфарыйны шум сучасных газет і тэлеканалаў, вяртаюць нам істотную праўду: карані хрысціянства знаходзяцца ў Апостальскай традыцыі, і гэтай традыцыі нельга аддзяліць ад устанаўлення Біскупа Рыма. Паміж святым Лінам, першым Наступнікам святога Пятра, і папам Францішкам на працягу амаль 2 тысяч гадоў 264 асобы кіравалі Касцёлам. І, адкідваючы ўсе пробы глядзець на гэтую традыцыю па-свецку, для нас, католікаў, яна застаецца справядлівай падставай вымаўляць у кожную нядзелю з любоўю і гонарам: Веру у Адзіны, Святы, Каталіцкі і Апостальскі Касцёл. Мы сапраўды ў Апостальскім Касцёле, устаноўленым нашам Панам Езусам Хрыстом, словы якога мы ў гэтыя дні не толькі ўзгадалі, але і моцна зразумелі: Ойча Святы, прашу Цябе, сцеражы іх моцай свайго Імя, таго Імя, якое Ты мне даў, каб яны, як Мы былі адно… (Ян 17,11) Для Хрыста не абыякавы лёс свайго Касцёла, Ён кіруе ім, ачышчае яго і аднаўляе.

Браты і сёстры!

Розныя людзі ў свеце па-рознаму сачылі за выбарам новага Папы, па-рознаму каментавалі гэты факт і па рознаму ўбачылі гэтую гістарычную падзею. Думаю, што ў кожнага з нас надоўга застанецца ў памяці і белы дым з коміна Сікстынскай капэлы, і радасць тысячаў вернікаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, і, ўрэшце, з’яўленне на балконе базылікі самога Папы. Аднак што сапраўды ўбачылі мы ўвечары 13 сакавіка, што пачулі і чым былі ўзрушаныя альбо здзіўленыя? Мы глядзелі на гэтае здарэнне не вачыма цікавасці, але веры. Мы чакалі з’яўлення на балконе базылікі не лідара, які б змог задаволіць патрабаванні ўсіх аналітыкаў і журналістаў у свеце, але Пастыра, мы спадзяваліся, што Хрыстус нам дасць чалавека, здольнага не столькі вырашаць праблемы, але лячыць зламаныя чалавечыя сэрцы, мы прагнулі пачуць з ягоных вуснаў не словы вялікай мудрасці, але веры, суцяшэння і надзеі.

Што мы ўбачылі?

Сціплага чалавека ў белай сутане, які папрасіў вернікаў памаліцца за яго і ў цішыні вялікай засяроджанасці нізка нахіліўся, каб прыняць гэты каштоўны дар — малітву Божага Народа за свайго Пастыра. Убачылі простую ўсмешку і пачулі запрашэнне да супольнага вандравання. З вуснаў абранага Пантыфіка не прагучала аніводнае слова асуджэння ў адрас сённяшняга свету, не было абяцанняў пра новыя рэформы, не пачулі мы ніякай праграмы на далейшыя гады. Тры істотныя словы сталіся першым пасланнем новага Папы «Urbi et Orbi» — Гораду і Свету: Любоў, Братэрства і Давер.

Кардынал Хорхе Марыа Берголіа паходзіць з Аргенціны. У першых каментарыях пра ягоную асобу мы пачулі цікавыя рэчы: просты і сціплы стыль жыцця, блізкасць да ўбогіх і патрабуючых, даступнасць і ўменне абараніць слабых. Абранае ім новае імя Францішак, безумоўна, тлумачыць ягоную місію ў Касцёле, якую, хіба, і выражаюць гэтыя словы: Любоў, Братэрства і Давер.

Браты і сёстры!

На працягу доўгіх дзён мы з вамі выслухоўвалі доўгія каментарыі і разважанні пра праблемы, якія існуюць у нашым Касцёле. Часта інфармацыя была недакладная альбо цалкам непраўдзівая. Розныя каментатары давалі прагнозы, кім павінен быць Папа і якія крокі ўчыніць. І вось адказ, які здзіўляе ўсіх і прымушае замоўкнуць самых мудрых. Шлях Касцёла — гэта дапамога бліжняму, давер да іншага чалавека і любоў, якая з’яўляецца праяўленнем веры і сутнасцю хрысціянства. І сапраўды, гэтае простае пасланне Папы закранае больш пякучыя праблемы нашага грамадства, чым усе выказаныя раней на нашых тэлеканалах скандалы. Ці не трагедыя гэта, што мы паволі перастаём давяраць іншаму чалавеку? Ці не страшна гэта, што зайздрасць у нашым жыцці пачынае паволі забіваць звычайнае братэрства і салідарнасць між намі? І што супольнага мае сённяшні хрысціянін з любоўю, якую наш Пан учыніў асноўным наказам і запаветам?

Якое пасланне нам, католікам, і нашаму Касцёлу скіраваў новы папа Францішак?

Напэўна, Бог пасылае нам Пастыра, які марыць пра Касцёл больш просты і ўбогі, пра Касцёл, у якім больш слабыя дзеці адчуваюць не пагарду з боку іншых, але могуць атрымаць дапамогу, пра Касцёл, які менш асуджае грэшны свет, а перш за ўсё дае надзею, сілу, суцяшэнне. Думаю, што кожны з нас, і святары, і сёстры, і вернікі, з радасцю прымае гэтае пасланне і зробіць усё дзеля таго, каб жыць у такім Касцеле.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Я прашу шчыра кожнага з вас аб малітве за новаабранага папу Францішка і за Касцёл. Паколькі для ўрачыстага пачатку свайго Пантыфікату папа Францішак абраў дзень успаміну святога Юзафа, які з’яўляецца апекуном Касцёла, прашу, каб пасля кожнай Імшы ў нядзелю 17 сакавіка ва ўсіх касцёлах і капліцах Віцебскай дыяцэзіі вернікі праспявалі альбо прачыталі Літанію да святога Юзафа ў інтэнцыі папы Францішка.

Няхай усіх нас бласлаўляе Хрыстус Добры Пастыр, які шукае кожную загубленую авечку, каб прывясці ў свой статак. Няхай спасылае нам пастыраў паводле Ягонага Сэрца і вядзе нас да нябеснай Айчыны свайго Валадарства супакою.

Апостальскі адміністратар sede vacante ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі
Кс. прэлат Францішак Кісель

Віцебск, 13 сакавіка 2013 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты Зварот вернікам 17 сакавіка 2013 г.


 
© 2003-2024 Catholic.by