|
20 мая ў Апостальскай Сталіцы распачалася 65-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі. У пасяджэнні прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як адзін з 23 дэлегатаў розных епіскапатаў Еўропы.
Праца асамблеі распачалася дакладам старшыні епіскапату Італіі кардынала Анджэло Баньяско. У шырокім і глыбокім дакладзе іерарх закрануў розныя тэмы. Прамоўца ўзгадаў пра рашэнне Бэнэдыкта XVI скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка Пятра і пра абранне новага папы Францішка. Як было адзначана, гэтыя падзеі выклікалі вельмі вялікі рэзананс у свеце, што нагадвае аб экстраардынарнай ролі Касцёла ў сучаснасці, нягледзячы на працэсы секулярызацыі.
Кардынал Баньяско засяродзіўся таксама на тэме Касцёла як гісторыі любові, падкрэсліваючы, што Касцёл — месца, дзе Бог і чалавек сустракаюцца і разам пішуць сумесны шлях. Дакладчык працытаваў словы папы Францішка, што Касцёл — гэта не ўстанова або арганізацыя, але гісторыя любові, і гэтая гісторыя вядзе да святасці.
Прамоўца закрануў і праблему таго, як Касцёл дапамагае ўбачыць веру. Іерарх падкрэсліў, што Касцёл павінен дзейнічаць так, каб у жыцці хрысціяніна быў адзін прымат — а менавіта прымат Бога.
Дакладчык распавёў аб дабрачыннай працы як выражэнні веры. Была ўзнята і праблема духоўнай цемры сучаснага свету, калі большасць людзей жыве так, як жывуць іншыя, не зважаючы на маральныя нормы. Таму, як было заўважана, Касцёл павінен культываваць пачуццё смаку праўды, і гэта асабліва важна ў адносінах да моладзі.
У дакладзе грунтоўна разглядалася праблема крызісу сям'і. Кардынал Баньяско заклікаў прабудзіцца са сну, які рэдукуе значэнне маральных нормаў і жыццё сям'і. Іерарх звярнуў увагу таксама на праблему захавання жыцця і заклікаў практыкаваць культуру жыцця, адзначыўшы, што кожнае «не» законам супраць Божага права жыцця — гэта «так» праву жыцця.
Напрыканцы дакладчык выказаў салідарнасць хрысціянам, якіх пераследуюць у многіх краінах свету, і заклікаў да дапамогі галадаючым, бо ў мінулым годзе 260 тысяч чалавек, з якіх палову складаюць дзеці, памерлі ад голаду.
Выступілі таксама прадстаўнікі 4 Канферэнцый Біскупаў: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп Вільнюскі (Літва) Гінтарас Грушас, іерархі з Албаніі і Партугаліі.
Удзел у асамблеях такіх вялікіх епіскапатаў, як італьянскі, служыць абмену вопытам, выказванню салідарнасці і калегіяльнасці епіскапатаў Еўропы.
(AG)
|