22 мая 2013 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у Пленарным пасяджэнні епіскапату Італіі, прысутнічаў на агульнай аўдыенцыі папы Францішка. Беларускі іерарх пабываў на агульнай аўдыенцыі новага Пантыфіка ўпершыню.
«Было вельмі шмат людзей, была запоўнена не толькі плошча Святога Пятра, але і палова суседняй вуліцы», — выказаў Мітрапаліт свае ўражанні ад гэтай падзеі. Арцыпастыр адзначыў «незвычайную прастату Папы, калі ён пасля аб’езду вернікаў на плошчы ўзышоў на прыступкі базылікі cв. Пятра, падышоў да святароў і свецкіх асобаў, якія абслугоўваюць аўдыенцыю, і прывітаўся з імі, сам узяў мікрафон, дастаў з кішэні акуляры».
Разважанне Папы падчас аўдыенцыі было прысвечана дзеянню Духа Святога ў жыцці Касцёла. Пантыфік звярнуў увагу, што ў абвяшчэнні Касцёлам Евангелля павінен удзельнічаць кожны вернік, што Дух Святы дапамагае выйсці з самога сябе і не замыкацца толькі на сваіх справах, чыніць людзей адважнымі ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Святы Айцец дадаў, што, каб дзеянне Духа было дзейсным, неабходна малітва.
Пасля завяршэння аўдыенцыі біскупы мелі магчымасць падысці да Папы. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прадставіўся Пантыфіку, дадаўшы таксама, што служыць у Мінску. «Але ж мы ведаем адзін аднаго!» — адказаў на гэта Святы Айцец. Беларускі іерарх сказаў, што гэта сапраўды так, бо падчас яго працы ў Расіі адзін са святароў паходзіў з Буэнас-Айрэса, і Мітрапаліт сапраўды сустракаўся з кардыналам Берголіа.
«Таксама я сказаў Папу, што беларускія католікі моляцца за яго і чакаюць, каб нага Наступніка святога Пятра ступіла на беларускую зямлю, — паведаміў Мітрапаліт. — Папа з разуменнем прыняў гэтыя словы і сказаў: „Маліся за мяне“».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца да ўсіх вернікаў з просьбай аб асаблівай малітве ў інтэнцыі папы Францішка, таксама і дзеля таго, каб ажыццявіўся візіт Пантыфіка ў Беларусь.