Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся ў Рыме з папскім легатам на юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці | Друк |
Іерархі
23.05.2013 16:23

23 мая ў межах свайго прабывання ў Рыме на Пленарным пасяджэнні епіскапату Італіі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналам Жанам-Луі Таранам, якога папа Францішак прызначыў легатам на сёлетнія юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе.

У размове з Catholic.by, каментуючы сустрэчу, Мітрапаліт адзначыў, што вельмі добра ведае кардынала Тарана, які наведваў Маскву некалькі разоў у 1990-х гадах і ў пачатку ХХІ ст. У той час кардынал на працягу 13 гадоў выконваў абавязкі «міністра замежных спраў» Ватыкана.

Арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў, што ў пачатку суразмоўцы ўзгадалі свае сустрэчы ў Маскве і Рыме. Беларускі іерарх прадставіў кардыналу праграму урачыстасці 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў і гісторыю санктуарыя, якую падрыхтавала выдавецтва «Про Хрысто». Таксама Мітрапаліт паінфармаваў легата аб трох гадах падрыхтоўкі да юбілею. Кардынал, па словах арцыпастыра, быў вельмі задаволены такой сур’ёзнай падрыхтоўкай і пазітыўна ўспрыняў тэму ўрачыстасцяў «Марыя — Маці нашай веры», падкрэсліўшы, што яна выдатна пасуе да праграмы Года веры.

Мітрапаліт паведаміў легату, што на ўрачыстасці ў Будслаў прыбудуць рэліквіі св. Тэрэзы з Лізьё. Гэты факт узрадаваў кардынала Тарана, які паходзіць з Францыі. Таксама старшыня Папскай рады быў задаволены тым, што на ўрачыстасці запрошаны праваслаўныя, мусульмане, яўрэі, пратэстанты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты.

Падрабязная праграма візіту кардынала ў Беларусь будзе падрыхтавана неўзабаве, аднак ужо вядома, што ён узначаліць галоўную святую Імшу ў Будславе 6 ліпеня ў 11 гадзін і святую Імшу ў мінскай архікатэдры 7 ліпеня ў 13 гадзін.

Як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прызначэнне кардынала Жана-Луі Тарана папскім легатам на будслаўскія ўрачыстасці — гэта знак прызнання развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і пашаны яму, у тым ліку мучанікам часоў ганенняў, а таксама знак павагі для нашай краіны.

Мітрапаліт выказаў надзею, што святкаванне будслаўскага юбілею з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў і дзяржаўнай улады будзе спрыяць далейшаму развіццю Каталіцкага Касцёла і яго адносін з грамадствам.

Вечарам 23 мая ў 18 гадзін у праграме Пленарнай асамблеі епіскапату Італіі супольная малітва з папам Францішкам, падчас якой прысутныя іерархі публічна вызнаюць веру. На малітву запрошаны таксама біскупы-госці.

(AG)

 
© 2003-2026 Catholic.by