Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасці завяршэння працэсу беатыфікацыі Дона Бернардо Антаніні ў Вероне | Друк |
Іерархі
21.10.2013 23:12

20 кастрычніка ў катэдральным касцёле ў Вероне (Італія) адбылася ўрачыстасць завяршэння дыяцэзіяльнага працэсу беатыфікацыі веронскага святара, доктара біблістыкі Дона Бернардо Антаніні, які з 1991 па 2000 год працаваў у Расіі. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Адметна, што дадзеная ўрачыстасць адбылася ў 81-ю гадавіну нараджэння веронскага душпастыра. Дон Бернардо быў дэканам тэалагічнага каледжа ім. св. Тамаша Аквінскага ў Маскве, першым рэктарам семінарыі “Марыя – Каралева апосталаў” ў Санкт-Пецярбургу, першым рэдактарам газеты “Святло Евангелля” і наогул вельмі шмат учыніў для адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Расіі як незвычайна талентавіты і актыўны святар. Пасля ён непрацяглы час быў рэктарам духоўнай семінарыі ў Карагандзе, дзе і адышоў у вечнасць ва ўзросце 69 гадоў. Некалькі разоў ён таксама быў у Беларусі.

Акрамя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, ва ўрачыстасці прымалі ўдзел арцыбіскуп Караганды на пенсіі Ян Павел Леннга, дапаможны біскуп Астаны Атаназіюс Шнайдэр, каля 60 пілігрымаў з Расіі на чале з ардынарыем архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупам Паоло Пеццы. Святую Імшу канцэлебравалі каля 60 святароў. Вялікая веронская катэдра была напоўнена вернікамі, абсалютная большасць якіх добра ведала Дона Бернардо Антаніні.

Прысутнічалі брат Дона Бернардо са сваёй сям’ёй і яго сястра законніца, а таксама сябар Дона Бернардо — праваслаўны святар з Санкт-Пецярбурга.

Напрыканцы Імшы біскуп Вероны Джузэппэ Цэнці, пастулятар і іншыя афіцыйныя асобы прынеслі прысягу, кожны адносна даручанай яму функцыі ў справе беатыфікацыі Дона Бернардо Антаніні. Потым выступілі некаторыя асобы, у тым ліку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Памятаю вельмі добра, як у 1991 г. благаслаўлёны Ян Павел II перавёў мяне з Беларусі ў Расію і даверыў пастырскую апеку католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часці Расіі, — адзначыў у сваім слове беларускі іерарх. — Тады там было адкрыта толькі некалькі касцёлаў і было вельмі мала святароў. У адзін дзень да мяне затэлефанаваў святар з Вероны, які прадставіўся як Дон Бернардо Антаніні, і выказаў жаданне працаваць у Расіі. Маючы на ўвазе вялікую патрэбу ў святарах, гэта быў сапраўдны дар неба.

Вельмі хутка мы зразумелі, што гэты святар – экстраардынарная асоба. Ён хутка праявіў свае інтэлектуальныя і арганізатарскія магчымасці, а таксама вялікую духоўнасць. З іменем Дона Бернардо Антаніні звязаны заснаванне і развіццё Каледжа каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага, Вышэйшай духоўнай семінарыі “Марыя – Каралева апосталаў” у Санкт-Пецярбургу, часопіса “Святло Евангелля”, выданне тэалагічных і духоўных кніг, развіццё пастырскіх праграм, святкаванне Юбілею 2000-годдзя хрысціянства, арганізацыя пілігрымак і многае іншае.

Вялікія заслугі Дона Бернардо ў развіцці экуменічных адносін, асабліва з Праваслаўнай Царквой.

Будучы італьянцам паводле нараджэння, ён стаў рускім паводле сэрца. Любіў Расію ўсім сваім сэрцам, якое было вельмі вялікім і адкрытым для ўсіх – католікаў і праваслаўных, веруючых і няверуючых. Яго незвычайныя інтэлектуальныя магчымасці і малітва, служэнне любові і адкрытасць на ўсіх, надзея, нават насуперак надзеі, і нястомная праца днём і ўначы прынеслі яму вялікую павагу сярод рускага народа. Дастаткова было сказаць – Дон Бернардо – і без прозвішча ўсе ведалі, аб кім ідзе гаворка».

Поўны тэкст слова>>>

(TK), (AG)

 
© 2003-2026 Catholic.by