Навіны Сіноду: «гарачыя» тэмы серады | Друк |
Іерархі
09.10.2014 12:19

Ці зменяцца правілы Касцёла ў пытаннях прызнання несапраўднасці шлюбу і скарыстання з сакрамэнту Эўхарыстыі для разведзеных? Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся на Сінодзе Біскупаў у сераду.

Падчас шостай генеральнай кангрэгацыі на Сінодзе Біскупаў шмат увагі было ўдзелена такім з’явам, як несапраўднасць шлюбу, яго ануляванне, пераход ў каталіцтва падчас шлюбу і аб душпастырстве разведзеных.

Catholic.by папрасіў беларускага ўдзельніка Сіноду Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча распавесці пра абмеркаванні гэтых тэмаў больш падрабязна.

Несапраўднасць шлюбаў

«Атмасфера на Сінодзе працоўная і братэрская, — зазначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Усе выказваюцца свабодна і адкрыта. Адчуваецца дух адказнасці біскупаў за будучыню сям’і і хрысціянства».

Як адзначыў арцыбіскуп, удзельнікі Сіноду шмат гаварылі пра прызнанне несапраўднасці шлюбаў у Касцёле. Зазначалася, што ў гэтым кірунку неабходна выкарыстоўваць і тыя магчымасці, якія дае кананічнае права, сярод якіх — прывілей св. Паўла, св. Пятра або прывілей веры.


Біскупы выказалі занепакоенасць тым, што працэнт касцёльных шлюбаў становіцца ўсё меншы, а шмат тых, хто развёўся і не атрымаў прызнання несапраўднасці іх шлюбу, сыходзіць у іншыя хрысціянскія канфесіі.

Адзначалася, што дыяцэзіяльны біскуп павінен мець больш правоў у ацэнцы сапраўднасці шлюбу, каб быць у стане эфектыўна вырашаць праблемы яго анулявання. Было падкрэслена, што з гэтай мэтай неабходна было б стварыць адмысловую службу ў дыяцэзіі або Канферэнцыі Біскупаў, якая б кантралявала гэтыя пытанні.

Улічваючы гэты факт, а таксама тое, што прызнанне несапраўднасці шлюбу — складаны даследчы працэс, таму, як было адзначана, Касцёл мае патрэбу ў дзвюх інстанцыях касцёльнага суда. Таксама была звернута ўвага на неабходнасць рэформы касцёльнага суда, каб зрабіць яго працу больш эфектыўнай.

Душпастырства для разведзеных

Абмяркоўваліся на Сінодзе і пытанні разведзеных людзей, якія хацелі б зноў заключыць шлюб. Было зазначана, што Касцёл павінен клапаціцца пра іх «як маці» і дапамагаць.

У першую чаргу, на чым настойвалі біскупы, неабходна душпастырства разведзеных, дзе святар, які будзе апекавацца гэтымі людзьмі, павінен «найперш слухаць, а не толькі вучыць».

Агучвалася думка пра тое, што людзі, якія ўступаюць у другі шлюб, захоўваючы пры гэтым сужэнскую вернасць і выхоўваючы дзяцей згодна з хрысціянскімі традыцыямі, могуць атрымаць права на прыняцце сакрамэнту Эўхарыстыі. Было зазначана, што гэтае пытанне патрабуе дадатковага багаслоўскага даследавання.

Звярталася ўвага на тое, што разведзеныя людзі не павінны адчуваць сябе адзінокімі ў Касцёле і павінны быць створаны ўмовы для іх рэалізацыі.

Асобна падымалася пытанне пра ўдзяленне Камуніі разведзеным і тым, хто пабраўся шлюбам у другі раз. Адзначалася, што ўдзяленне Камуніі ў гэтым выпадку — раўназначна прыёму лекаў, эфект ад якіх не пойдзе на карысць, бо хвароба яшчэ не вылечаная.

Выказвалася думка аб стварэнні цэнтраў для разведзеных, а таксама для гомасексуалаў, куды людзі маглі б прыходзіць са сваімі пытаннямі.



Беларускі іерарх адзначае, што падчас Сіноду біскупы выказалі занепакоенасць тым, што шлюб губляе сваю актуальнасць і людзі часта жывуць нават без грамадзянскага шлюбу.

Пераход у каталіцтва

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў, што падчас Сіноду была выказана прапанова адмовіцца ад практыкі, калі праваслаўны вернік, які хоча перайсці ў каталіцтва, абавязкова павінен быць грэка-католікам.

Іерарх нагадаў, што па сённяшнім правіле, каб стаць католікам лацінскага абраду, кандыдат павінен перайсці ў каталіцтва грэчаскага абраду. Арцыпастыр зазначыў, што на Сінодзе звярталі ўвагу на тое, што пераход павінен адбывацца аўтаматычна, бо чалавек сам абірае сваю прыналежнасць да веры.

Палігамія як праблема


Вялікай праблемай назвалі біскупы палігамію. У прыватнасці, была прааналізавана гэта з’ява ў Афрыцы, дзе палігамія стала традыцыяй, якую цяжка выкараніць.

Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў, што на Сінодзе ў чарговы раз было нагадана пра важнасць евангелізацыі сям’і, а таксама пра недахоп у свеце «святых сем’яў», якія давалі б прыклад для іншых.



Зазначалася, што падчас катэхізацыі варта ўлічваць культурны аспект аўдыторыі і не ператвараць катэхізацыю ў маралізацыю.

Касцёл і паліткарэктнасць

Падчас Сіноду выказвалася думка адносна таго, што ў Касцёле ўсё часцей праяўляецца так званая «паліткарэктнасць», калі рэкамендавана маўчаць або чагосьці недагаворваць.

«Сінод набірае абароты і становіцца ўсё больш цікавым, — дадае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Праблемы душпастырскіх выклікаў і крытычныя сітуацыі ў сем’ях характэрныя для большасці краін. Аб гомасексуальных саюзах біскупы кажуць як аб зле і з’яве, не згоднай са Святым Пісаннем і вучэннем Касцёла. Гэтая праблема не з’яўляецца такой вострай на Усходзе, таму біскупы з гэтых краін практычна не закранаюць яе».

Падрыхтаваў Ілья Лапато
фота Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by