Сімволіка герба біскупа Аляксандра Яшэўскага | Друк |
Іерархі
27.06.2015 13:09

Дэвіз

Дэвізам свайго служэння біскуп Аляксандр Яшэўскі S.D.B. абраў словы CUI DEUS EST OMNIA SUNT —  «У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё», якія нагадваюць пра словы святога Яна Боско, дадзеныя ў якасці думкі на пачатку законнага і святарскага шляху. Праз гэты дэвіз біскуп хоча падкрэсліць, што глыбокая і інтымная сувязь з Богам павінна быць галоўнай кіруючай сілай у жыцці і дзейнасці біскупа як пастыра і вернікаў як авечак статка.


Сімвалы ў гербе

Тры элементы, якія складаюць біскупскі герб біскупа Аляксандра, прадстаўляюць разам мінулае і будучыню яго служэння. У першай частцы, зялёнага колеру, заўважны залаты якар, што азначае надзею, адну з тэалагальных цнотаў. Гэты якар дапаўняе змешчаная з левага боку зорка-­камета з хвалістым хвастом і з сямю промнямі, што з’яўляецца раннехрысціянскім марыйным сімвалам. Яна мае срэбны колер — сімвал празрыстасці, чысціні Найсвяцейшай Панны Марыі, Багародзіцы, Успамогі хрысціянаў, сялібы Святога Духа і ўлоння, дзе Божае Слова сталася Целам. Гэтыя сімвалы былі ўзятыя з герба законнай сям’і, з якой біскуп Аляксандр быў пакліканы да біскупскага служэння — з супольнасці салезіянаў святога Яна Боско. Гэты вялікі выхаваўца фармаваў моладзь такім чынам, каб кожны мог стаць «добрым хрысціянінам і сумленным грамадзянінам». Таксама і біскуп Аляксандр перакананы ў тым, што адраджэнне грамадства магчымае толькі на шляху хрысціянскага жыццёвага вопыту, які накіроўвае і робіць якасным і культурныя, і грамадскія заданні. Гэтая частка герба мае зялёны колер, што асацыюецца з прозвішчам заснавальніка закону салезіянаў Яна Боско (што ў перакладзе азначае «лес, гай»), а таксама з прыгажосцю беларускай прыроды. Акрамя таго, гэты колер сімвалізуе перамогу, гонар, дабрабыт і сяброўскую прыязнасць.

Другая частка, блакітнага колеру, звязана са словамі, выбранымі ў якасці дэвізу («У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё»), а таксама з дасканаласцю, да якой павінен імкнуцца біскуп, які бачыць існаванне ўсёй створанай рэчаіснасці ў Боскай Тройцы, што прадстаўлена трыма пераплеценымі залатымі кольцамі (сімвал, які выкарыстоўваецца з ХІІІ ст.). Гэтая частка мае блакітны колер, які сімвалізуе нятленнасць неба, а такім чынам і ўсе памкненні да дасканаласці, што ўзносяцца да канчатковай паўнаты ў Богу, Адзіным у Тройцы.

Трэцяя частка, чырвонага колеру, прадстаўляе выяву шатра, што нагадвае падзею Перамянення Пана і словы святога Пятра: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі» (Мк 9, 5). Менавіта ў той дзень, калі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, біскуп Аляксандр нарадзіўся на свет, і гэтым знакам выяўляе скіраваны да яго заклік Пана перамяняцца асабіста і праз біскупскае служэнне перамяняць іншых. Гэтая частка мае чырвоны колер, які азначае боства Хрыста і Ягоную любоў, настолькі моцную, што дзеля яе Ён праліў сваю Кроў за ўсё чалавецтва.

Герб графічна рэалізаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Кватрачоккі (www.gqaraldica.it).

 
© 2003-2024 Catholic.by