Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2015 | Друк |
Іерархі
24.12.2015 01:58

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста!

«Не бойцеся, я абяшчаю вам вялікую радасць, …
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца,
якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10-11).


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю вас словамі анёла, які абвясціў бэтлеемскім пастушкам аб нараджэнні Збаўцы. Убачыўшы Божага пасланца, яны напалохаліся. З упэўненасцю можна сказаць, што і мы ўчынілі б тое самае, калі б нам з’явіўся анёл. Але Божы пасланец іх супакоіў, кажучы што ў горадзе Давіда нарадзіўся Збаўца, якога чалавецтва з нецярпеннем чакала (пар. Лк 2, 10-11).

Тут добра ўспомніць сцэну Звеставання, калі Марыя, пачуўшы, што Бог выбраў Яе ў якасці Маці Збаўцы, таксама напалохалася. Тады арханёл Габрыэль супакойваў Яе словамі: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус (…), бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 30-31. 37).

Знамянальна, што сёлетнюю ўрачыстасць Нараджэння Хрыста мы святкуем у Год Божай Міласэрнасці. Прыйсце Божага Сына ў свет у чалавечым вобразе было знакам бязмежнай Божай міласэрнасці да чалавека, якая праяўляецца і далей у паслузе Касцёла і да якой мы ўсе пакліканыя.

2. Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму — гэта ўжо гісторыя, хаця вельмі прыгожая і сентыментальная, аднак гісторыя. З яе мы павінны вучыцца, бо гісторыя з’яўляецца маці-настаўніцай. Нараджэнне ж Хрыста, будучы гістарычнай падзеяй, адначасова з’яўляецца дынамічным працэсам. Хрыстус і сёння нараджаецца ў Касцёле і прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, прыходзіць у іншай дзейнасці Касцёла, асабліва праз учынкі міласэрнасці.

Ці мы пазнаём Яго? Ці не баімся адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і дазволіць быць з намі? Ці радуемся Яго прыйсцю? На гэтыя і падобныя пытанні нам неабходна адказаць, бо бяда будзе нам, калі мы будзем верыць у тое, што Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, а сваёй ласкай не нараджаецца ў нашых сэрцах, – як казаў наш вялікі паэт Адам Міцкевіч.

3. Мы жывём у асаблівы для Касцёла і свету час. З аднаго боку свет імкнецца спіхнуць хрысціянскую веру на ўзбочыну грамадскага жыцця. З іншага ж мы бачым шмат знакаў дзеяння Святога Духа.

Мы з’яўляемся часткай гісторыі, якая адбываецца на нашых вачах, і, як веруючыя, павінны сваім жыццём і хрысціянскім сведчаннем вызнаваць веру ў Езуса Хрыста, які быў зачаты ад Святога Духа, нарадзіўся з Панны Марыі ў Бэтлееме, быў укрыжаваны, пахаваны, уваскрос, узышоў на неба і сядзіць праваруч Айца.

Божае Нараджэнне стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові да бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай.

Падобная духоўная рэвалюцыя павінна адбыцца і ў кожным з нас, каб мы моцна трымаліся сваёй веры і не дазволілі спіхнуць яе на ўзбочыну жыцця, але з высока паднятай галавой ішлі праз яго, ведаючы, што нашай мэтай ёсць шчаслівая вечнасць.

Папа Францішак кажа, што без веры ў Хрыста мы хаця і можам рабіць добрыя рэчы, аднак не можам быць сапраўдным Касцёлам, як Абранніцай Хрыста (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/homilies/2013/ documents/ papa-francesco_20130314_omelia-cardinali. html).

Адсюль вынікае вялікая дылема: кім быць — паклоннікамі Хрыста ці Яго сапраўднымі вызнаўцамі? Вельмі часта мы становімся першымі, а не другімі. Кажам, што з’яўляемся веруючымі, чынім шмат добрага, але ў той жа час не вызнаём Хрыста як свайго Пана, не заўсёды прымаем удзел у нядзельнай ці святочнай святой Імшы і не жывём згодна з маральным законам.

4. Кім ты хочаш быць, сучасны чалавек? Вызнаўцам, паслядоўнікам і сведкам Хрыста ці толькі Яго паклоннікам? Хочаш даверыцца Езусу ці свету? Адказаць на гэтыя і падобныя пытанні нам можа дапамагчы апостал Пётр. Мы добра ведаем евангельскі аповед аб тым, як па загадзе Езуса Пётр пайшоў па ўзбураным возеры, пакуль не спалохаўся і не пачаў тануць (пар. Мц 14, 28-30).

Даверыцца Хрысту — азначае пайсці за Яго голасам; як Пётр, выйсці з чаўна XXI стагоддзя, каб ісці па хвалях узбуранага возера нашага часу (пар. Мц 14, 22-33), які нам навязвае свой стыль жыцця. Езус нас не пакідае адных у гэтым чаўне, але ідзе ў яго напрамку і кажа: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» (Мц 14, 27). Гэтым самым Ён заклікае не трымацца навязанага нам светам секулярнага стылю жыцця, а знайсці свой хрысціянскі і яго сведчыць.

5. Кім для нас ёсць Езус?

Заахвочаны заклікам Езуса, Пётр пайшоў па вадзе. Аднак у пэўны момант ён сканцэнтраваўся не на Езусе, але на ўзбураных хвалях возера. У выніку чаго засумняваўся і пачаў тануць. Падобна адбываецца і ў нашым жыцці. Калі перастаём глядзець на Езуса, а засяроджваемся толькі на жыццёвых праблемах, то губляем пад нагамі грунт і пачынаем тануць. Тады нам не застаецца нічога іншага, як крычаць: «Пане, ратуй!» (пар. Мц 14, 30)

Калі людзі ўспрымалі Езуса як Яна Хрысціцеля, Іллю, Ерамію ці іншага прарока, то для Пятра Ён быў Месіяй, Сынам Бога жывога (пар. Мц 16, 13-16). Гэтае сцвярджэнне Князя апосталаў з’яўляцца ключом да веры ў асобу Езуса з Назарэта.

6. Сёння Езус пытаецца ў нас: кім Ён, народжаны ў Бэтлееме, з’яўляецца для людзей XXI стагоддзя? Мы добра ведаем, як ставіцца да Хрыста сучасны ліберальны свет. Ён вельмі часта не жадае мець з Ім нічога супольнага і не хоча чуць Яго голасу, які заклікае да абуджэння сумлення, навяртання і жыцця паводле Яго вучэння.

У такой сітуацыі мы, хрысціяне, павінны даць рашучы адказ, кім Ён ёсць для нас. Толькі гістарычнай фігурай ці Тым, які жыве ў сваім Касцёле і вучэнне якога актуальнае і ў наш час? Адказ на гэтае пытанне вядзе да веры ў асобу Езуса Хрыста, як уцелаўлёнага Сына Божага. Таму мы павінны адвесці Яму месца ў нашых сэрцах і пачуць Яго голас.

7. Нельга гаварыць аб асобе Езуса без Таямніцы ўцелаўлення, якая з’яўляецца адной з найбольшых таямніц хрысціянства. Мэта прыйсця Божага Сына ў гэты свет была прадыктавана толькі адным аргументам – любоўю Бога да чалавека. Таямніца ўцелаўлення з’яўляецца вялікім дарам для чалавецтва і адначасова заданнем, якое перадусім праяўляецца ў даверы да Езуса і хрысціянскім сведчанні.

Успомнім евангельскі аповед пра цудоўны ўлоў рыбы. Апосталы лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Тады Езус сказаў ім адплысці на глыбіню, і стаўся цуд. Яны злавілі такую вялікую колькасць рыбы, што нават рваліся сеткі (пар. Лк 5, 4-6).

«Адплыві на глыбіню», — з гэтымі словамі Езус сёння звяртаецца да нас. Чалавек, ты створаны па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27), адкуплены Сынам Божым і маеш годнасць Божага дзіцяці (пар. 1 Ян 3, 1). Таму не плёскайся на мелі, а адплыві на глыбіню духоўнага жыцця, каб яно прынесла багаты плён. Нездарма прыказка кажа, што вялікаму караблю — вялікае плаванне. А чалавек, як Божае стварэнне, – гэта вялікі карабель.

Можа, сеткі твайго жыцця пустыя, можа, дагэтуль нічога не ўдалося злавіць, можа, твае жыццёвыя планы і мары не рэалізаваліся. Але ты не адзін, і Езус сёння цябе заклікае: «Не бойся, не паддавайся, адплыві яшчэ раз на глыбіню твайго жыцця, тваіх мараў, імкненняў, болю, цярпенняў, адзіноты і яшчэ раз закінь сеткі, бо Я з табой». А адплыць на глыбіню азначае яшчэ раз рызыкнуць, даверыць сябе Езусу, Эмануэлю — як Богу з намі.

8. У той жа час страх і баязлівасць перад светам не дазваляюць нам гэтага ўчыніць. Мы жывём у чаўне дваццацьпершастагоддзевага стылю жыцця і яго моды і баімся з яго выйсці, бо што скажа свет, што скажуць блізкія і сябры? Могуць назваць старамоднымі. Сёння хрысціяне могуць згадзіцца на разводы, аборты, эўтаназію, апладненне «in vitro», гомасексуальныя саюзы і іншыя духоўныя анамаліі. Чаму? Бо свет такі, бо мы яго баімся, бо лягчэй плысці па цячэнні, чым супраць, бо ў наша духоўнае жыццё ўваходзіць феномен паліткарэктнасці, калі мы не маем, а можа, не хочам мець свайго меркавання па тым ці іншым маральным пытанні.

Страх перад светам нас паралізуе і не дазваляе даверыцца Хрысту. У кожным з нас у большай ці меншай меры ён прысутнічае, і толькі давер Езусу дапамагае яго перамагчы. Для гэтага неабходна адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, перамагчы самога сябе і сказаць: «Так, Пане Езу, я, як Твой вучань, не згаджаюся з тым, што прапануе секулярны стыль жыцця». Калі так учыню, то перамагу самога сябе і страх, які мяне апанаваў, каб быць сапраўдным вызнаўцам Хрыста.

Тут да месца ўзгадаць словы святога Яна Паўла II, які ў далёкім 1978 г. казаў: «Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту. Яго збаўчай уладзе адчыніце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі і развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што ў сабе носіць чалавек. Ён адзін гэта ведае!» (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato. html).

Дзякуй Богу, дзверы Хрысту ў нашай краіне адчыніліся, і мы атрымалі свабоду веравызнання. Аднак злы дух не спіць і ўвесь час дзейнічае. У выніку чаго ў сучасным, асабліва заходнім, свеце з’явілася шмат такіх небяспечных выклікаў, аб якіх яшчэ зусім нядаўна мы нават не маглі і падумаць. І мы бачым, як палітычныя і эканамічныя сістэмы, а таксама культуры адмаўляюцца ад Бога. Ізноў паўтараецца гісторыя з Бэтлеема, бо ў сучасных грамадствах і чалавечых сэрцах не знаходзіцца месца для нараджэння Валадара сусвету сваёй ласкай (пар. Лк 2, 7). Хрыстус прыходзіць да сваіх, а яны Яго не прымаюць (пар. Ян 1, 11), нягледзячы на Яго абяцанне, што тым, хто Яго прыме і паверыць у Яго, Ён дасць моц быць дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12).

9. Сучасны свет вельмі моцна занепакоены фінансавым крызісам і ліхаманкава шукае шляхоў выйсця з яго. Здаецца, што найважнейшай справай з’яўляюцца банкі, фінансавыя рынкі і палітыкі, якія дыскутуюць аб тым, як выратаваць банкрутаў.

У той жа час неабходна падкрэсліць, што сучасны свет змагаецца не толькі з фінансавым, але і з культурным і духоўным крызісам. Матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці сталі новымі багамі, якім усе пакланяюцца і падпарадкоўваюць сваё жыццё. З праслаўленнем фальшывых бажкоў чалавецтва адварочваецца ад адзінага і сапраўднага Бога.

Божы закон лічыцца састарэлым, неактуальным і ўспрымаецца як рэлікт мінулых часоў. Усё больш маладых людзей жыве без шлюбу, і такі стыль жыцця лічыцца знакам свабоды і сучаснасці. Кожнае пятае дзіця ў нашай краіне выхоўваецца ў няпоўнай сям’і. А колькі разводаў і іншых сямейных трагедый, звязаных з насіллем, алкагалізмам, наркаманіяй!

Сучасныя медыя ў шматлікіх серыялах, рэкламах і забаўляльных праграмах распаўсюджваюць стыль жыцця, у якім зло, грэх і незахаванне Божага закону ўспрымаецца як нешта захапляючае і пазітыўнае. Усё гэта вядзе да таго, што заганы называюцца норавамі.

Наш час — гэта таксама час вельмі небяспечных залежнасцяў ад азартных і камп’ютарных гульняў, шопінгу, інтэрнэту, алкагалізму, наркаманіі, неўпарадкаванага сексуальнага жыцця і г.д.

Бурнае развіццё тэхналогій і імкненне да як мага большай прадуктыўнасці падрывае праўдзівы сэнс і значэнне чалавечай працы. Нярэдка культура, замяняючы духоўнае свецкім, спрыяе ўкараненню амаральнасці.

На гэтым фоне не хапае праграм, якія фармавалі б сумленне чалавека і распаўсюджвалі б духоўныя каштоўнасці, такія, як малітва, дабрачыннасць, міласэрнасць, працавітасць, адказнасць, ахвярнасць і да т.п. Замест іх пануюць дэмаралізуючыя: гвалт, эротыка, імкненне да ўзбагачэння любым коштам, забаўляльны стыль жыцця і г.д. Гэта не што іншае, як прапаганда педагогікі зла і фармацыя да ліберальнай мадэлі жыцця. У выніку чаго людзі губляюць здольнасць адрозніваць дабро ад зла.

Усё гэта, разам з іншымі шматлікімі праблемамі сацыяльнага, грамадскага і палітычнага характару, негатыўна ўплывае на рытм біцця сэрца сучаснага свету і нашага народу. Пры гэтым мы не заўсёды ўсведамляем, што такія праблемы ўзнікаюць па прычыне непрыняцця Божага закону. Таму найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян.

У выніку гэтага мы самі сабе ствараем сітуацыю глыбокага маральнага крызісу і ў пэўным сэнсе нагадваем «Тытанік», на якім, нягледзячы на набліжэнне катастрофы, аркестр граў да апошняй хвіліны, а пасажыры пілі шампанскае.

10. У той жа час народжаны ў Бэтлееме Езус праз паслугу Касцёла прыходзіць да нас. Не трэба баяцца прыняць Яго, бо Ён нічога не адбірае, а дае ўсё, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20050424_inizio-pontificato.html). Каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву сучасных секулярных тэндэнцый, неабходна адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і душаў! Неабходна адчыніць сёння, бо заўтра можа быць позна!

Езу, увайдзі сваёй духоўнай моцай у наша грамадства і аздараві яго! Увайдзі ў нашыя сем’і, якія перажываюць крызіс, каб яны былі моцныя Богам. Увайдзі ў нашу моладзь, якая хоча быць сучаснай і, знаходзячыся пад уплывам рознага роду спакусаў, змагаецца за сваю хрысціянскую тоеснасць. Увайдзі ў палітычныя, эканамічныя і культурныя сістэмы, каб яны як мага лепш служылі дабру чалавека і спрыялі яго духоўнаму росту. Святлом свайго Евангелля асвятлі наш шлях. Умацуй нашу веру, надзею і любоў!

9. Дарагія браты і сёстры!

Віншую усіх католікаў з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста!

Віншую хрысціян іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць яго!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ў хуткім часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне!

Віншую ўсіх людзей добрай волі! Сын Божы прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека для ўсіх, а сённяшняе свята ў Беларусі адзначаецца таксама і на дзяржаўным узроўні.

Падобна таму, як нованароджанае немаўля з’яўляецца знакам надзеі для яго бацькоў, таксама і Немаўля Езус нясе новую надзею ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне, бо Бог спаслаў свайго Сына, народжанага з Марыі Дзевы, каб аб’явіць нам канчаткова сваю любоў, — як кажа Папа Францішак, абвяшчаючы Юбілейны Год Міласэрнасці (пар. MV 1).

Таму, Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога і на знак нашай духоўнай еднасці дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 19 снежня 2015 г.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1978/ documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato.html.
2. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2005/documents/
hf_ben-xvi_hom_20050424_inizio-pontificato.html.
3. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/homilies/2013/
documents/papa-francesco_20130314_omelia-cardinali.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, 25 снежня 2015 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by