Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з нагоды 70-гадовага юбілею наведаў сваю малую радзіму (+фота) | Друк |
Іерархі
06.01.2016 21:42

Некалькі дзён таму Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў 70-годдзе. Арцыпастыр пажадаў перажыць свае юбілейныя ўрачыстасці таксама ў сваёй роднай парафіі ў Адэльску, дзе, па яго словах, «усё пачалося».

На сваю малую радзіму іерарх накіраваўся 5 студзеня. Вечарам гэтага дня ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе 70 гадоў таму ён быў ахрышчаны, Мітрапаліт цэлебраваy Iмшу ў iнтэнцыі сваіх памерлых бацькоў Ігнацыя і Ганны, а таксама памерлай сястры Маpыi.

У гэты дзень арцыбіскуп дзякаваў Богу за сваіх бацькоў, якія перадалі яму дар веры, у тым ліку маці, якая, перакананы іерарх, выпрасіла для яго ў Пана пакліканне да святарства. Арцыпастыр узгадаў таксама ўсіх тых, хто паспрыяў яго рэлігійнаму выхаванню і таму, што ён стаў святаром.



Вярнуцца да крыніцы

Візіт арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды юбілею ў сваю родную парафію – своеасаблівае вяртанне да крыніцы, магчымасць падзякаваць Богу за ўсё дабро, якое здарылася за гэтыя 70 гадоў. Падчас наведвання сваіх родных мясцін Мітрапаліт узгадвае таксама сваіх аднакласнікаў, з некаторымі з якіх яму нават удалося сустрэцца; родны дом, дзе заўсёды падтрымліваліся каталіцкія традыцыі і захоўваліся хрысціянскія каштоўнасці.

Як кажуць самі адэльчане, Мітрапаліт Кандрусевіч заўсёды жаданы госць у сваёй роднай парафіі і на сваёй малой радзіме. Мясцовыя вернікі з вялікай увагай слухаюць яго гаміліі, вельмі цэняць арцыпастыра і ганарацца тым, што ён паходзіць адсюль.

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, нягледзячы на мароз і на тое, што гэты дзень быў працоўным, у парафіяльную святыню прыйшло шмат вернікаў і тых людзей, якія звязаны з Адэльскам, каб сустрэцца са сваім земляком, ад шчырага сэрца жадаючы яму Божых ласкаў і доўгіх гадоў жыцця. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу падзякі з нагоды юбілею і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на яго жыццёвым шляху.



У гаміліі іерарх патлумачыў, што ўрачыстасць Аб’яўлення Пана мае вельмі вялікі духоўны сэнс:

«Урачыстасць Аб’яўлення Пана захапляючая, бо нагадвае нам аб новым спосабе ўваходу Бога ў гісторыю як паасобных людзей, так і чалавецтва. Тры каралі, а на самой справе тры мудрацы ці астраномы з Усходу, убачылі на небе новую зорку, якая прывяла іх у Бэтлеем да нованароджанага Збаўцы. Гэтая ж самая зорка крыху раней прывяла туды пастухоў, якім анёл абвясціў аб Нараджэнні Збаўцы».

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў да правільнага разумення знакаў часу. «Сучасны чалавек у пагоні за прыбыткам заігрывае з прыродай і не чытае яе знакаў, што вядзе да экалагічнай катастрофы. Але ёсць яшчэ і праблема экалогіі душы. Чалавек не чытае знакаў часу. Мы не бачым знакаў, аб якіх нагадвае ў сённяшнім першым чытанні прарок Ісая. Настаў новы час, час, асветлены ніколі не заходзячым сонцам, імя якому Езус Хрыстус. Мы не бачым Яго і жывём у цемры», – сказаў іерарх.

«Гісторыя трох каралёў нагадвае нам аб тым, што мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, наогул з добрай адукацыяй, тым не менш павінны яшчэ многаму вучыцца. Перадусім мы павінны навучыцца чытаць знакі часу, якія нам паказваюць дарогу да нашага Бэтлеема, дзе і сёння прыходзіць да нас Збаўца. У падзеях гісторыі, як на небасхіле, мы павінны бачыць новыя зоркі, якія нас вядуць да Хрыста», – заўважыў Мітрапаліт.

Родная парафія – Бэтлеeмская зорка, якая вяла і працягвае весці да Езуса

Асаблівае месца ў гаміліі арцыпастыр прысвяціў сваёй роднай парафіі.



«Сёння дзякую бацькам за перададзены мне Божы дар жыцця і за хрысціянскае выхаванне ў тыя цяжкія часы атэізму. Дзякую трагічна памерлай сястры за яе прыклад захавання веры і клопату аб каталіцкім выхаванні сваіх дзяцей, за дапамогу мне і малітву ў маёй інтэнцыі. Дзякую тым, хто пазітыўна ўплываў на маю фармацыю – святарам, кансэкраваным асобам, выкладчыкам і г.д.

Асабліва хачу падзякаваць адэльскай парафіі. Яна заўсёды была і застаецца для мяне той Бэтлеемскай зоркай, якая вяла і працягвае весці да Езуса», – адзначыў арцыбіскуп.

«Дарагія землякі, цаніце моцна гэты дар быць адэльчанінам і будзьце годнымі нашчадкамі сваіх продкаў, якія не прамянялі веры на матэрыяльныя каштоўнасці ці на лепшую пасаду, але засталіся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. І няхай Бэтлеемская зорка нашай парафіі нам усім заўсёды свеціць і вядзе да Хрыста», – сказаў Мітрапаліт.

Вернікі звярнуліся да іерарха з віншаваннямі. Спецыяльна да гэтай нагоды быў напісаны і агучаны не адзін верш. У сваю чаргу арцыбіскуп падзякаваў землякам за захаванне веры і папрасіў аб тым, каб яны не зачынялі гэтую веру «ў кніжачках для набажэнстваў і не клалі ў шафу», а заўсёды ёю жылі і перадавалі дзецям і ўнукам.



Віншаванні прагучалі таксама ад мясцовай і раённай улады. У слове старшыні Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Яна Васілеўскага было адзначана: «Яркая, багатая падзеямі і чалавечымі перажываннямі Ваша біяграфія – прыклад самаадданага служэння Богу, людзям, роднай Беларусі». «Мы высока цэнім Вашу ролю ў адраджэнні і будаўніцтве каталіцкіх храмаў, стварэнні духоўнай семінарыі ў Гродне, умацаванні сферы дабрачыннасці і міласэрнасці, фарміраванні духоўнага і маральнага здароўя людзей, – дадае старшыня Гродзенскага райвыканкама. – У Беларусі на працягу многіх дзесяцігоддзяў канфесійная сітуацыя застаецца стабільнай і бесканфліктнай, ува многім гэта і Ваша непасрэдная заслуга».

Пробашч адэльскай парафіі кс. Віталій Унароўскі ад імя ўсіх парафіян падзякаваў Мітрапаліту за тое, што ён, нягледзячы на розныя абавязкі, знаходзіць час для сваёй роднай парафіі, і пажадаў, каб Божая ласка заўсёды вяла юбіляра праз жыццё і каб ён ніколі не стамляўся ў абвяшчэнні Божага слова.

Вернікі Адэльска маліліся аб тым, каб іх зямляк жыў доўгія гады і заставаўся правадніком у веры, асабліва ў сённяшнім секулярызаваным свеце.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2019 Catholic.by