Арцыбіскуп Кандрусевіч прыняў удзел у пасадцы дрэў у памяць аб ахвярах лагера смерці «Трасцянец» | Друк |
Іерархі
25.03.2016 10:57

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у памятных мерапрыемствах на месцы былога лагера смерці «Трасцянец», арганізаваных 18 сакавіка Міністэрствам культуры Беларусі і Мінгарвыканкамам.

Сумесна з паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Датмарам і іншымі членамі памятных мерапрыемстваў каталіцкі іерарх пасадзіў тры дрэвы ў памяць аб ахвярах лагера смерці.

Пасля гэтай цырымоніі ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых была закладзена капсула з парэшткамі загінулых і зямлёй з лагера смерці «Трасцянец», а арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся за загінулых у Трасцянцы.

У сваёй прамове на прыёме з нагоды памятных мерапрыемстваў Мітрапаліт падкрэсліў значэнне памяці, у тым ліку малітоўнай, аб загінулых у Трасцянцы і ў іншых падобных месцах.

Арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць сучаснага чалавека за маральнае выхаванне моладзі.

«Мемарыяльны комплекс "Трасцянец" узводзіцца не для таго, каб варушыць мінулае, раздзіраць зарубцаваныя раны і пасыпаць іх соллю, але каб падобныя трагедыі ніколі больш не мелі месца, што вельмі актуальна ў святле многіх тэрарыстычных актаў, якія адбываюцца ў розных частках свету», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў, Мінгарвыканкама, рэлігійных канфесій, Дортмундскага і Мінскага міжнародных адукацыйных цэнтраў, а таксама дыпламатычнага корпуса.

(IL), фота з архіва нямецкага пасольства ў Беларусі

 
© 2003-2024 Catholic.by