Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча | Друк |
Іерархі
25.03.2016 12:39

Дарагія вернікі Віцебскай дыяцэзіі,
паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!

Скончыўшы саракадзённы пост, мы з вялікай радасцю сустракаем свята Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Непасрэднымі ўдзельнікамі і першымі сведкамі пасхальных падзей Хрыста сталі апосталы, і дзякуючы ім мы сёння вызнаём праўду пра ўваскрасенне з мёртвых. Гэтая праўда змяніла жыццё апосталаў, якія паверылі і пераканаліся, што іх Настаўнік — гэта «Хрыстус, Сын Бога жывога» (Мц 16, 16), які ўваскрос і «сядзіць праваруч Айца” (Гбр 10, 12). Гэтая праўда павінна і сёння змяняць у першую чаргу жыццё тых, хто яе вызнае. Калі чуем у гэтыя дні радасны вокліч «Хрыстус уваскрос!», то наш адказ — «Сапраўды ўваскрос!» — няхай будзе выразам моцнай веры ў тое, што Хрыстус сапраўды жыве, прабывае з намі «ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

Вызнаваць гэтую праўду ў сучасным свеце, які часта варожа ставіцца да хрысціянскіх каштоўнасцяў, нялёгка. Ёсць шмат краін, дзе і сёння расплатай за веру ва Уваскрослага Хрыста з’яўляецца пралітая кроў мучанікаў. Гэтай крывёй зусім нядаўна была багата акроплена і наша зямля. Таксама і для нас штодзённае жыццё часта кладзецца на плечы непасільным крыжам: пошук працы, змаганне з невылечнай хваробай, здрада мужа ці жонкі, вызваленне ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці… Ва ўсе вякі моц для знясення пакутаў і пераадолення цяжкасцяў хрысціянам давала вера ва ўваскрослага і прысутнага ў іх жыцці Збаўцу. Таму і нам няхай заўсёды спадарожнічаюць словы Хрыста, сказаныя Ім падчас Апошняй Вячэры: «У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

І сёння мы бяром удзел у гэтай перамозе Божага Сына. Прайшоўшы праз браму смерці і вярнуўшыся да жыцця, Хрыстус скіроўвае да нас словы, як калісьці да апосталаў: «Супакой вам» (Лк 24, 36). Няхай гэты супакой заквітнее глыбокай верай, непахіснай надзеяй і трывалай любоўю ў жыцці кожнага з вас і дапаможа стацца па-сапраўднаму міласэрнымі, як наш Нябесны Айцец! Божага святла і радасці ў дзень Вялікай Хрыстовай Пасхі!

Хрыстус уваскрос! Аллелюя!

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

 
© 2003-2024 Catholic.by