Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia»: Ідэя міласэрнасці і інтэграцыі сям’і ў касцёльную супольнасць | Друк |
Іерархі
09.04.2016 15:59

Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові) была прэзентавана ў Ватыкане 8 красавіка. Дакумент, прысвечаны любові ў сям’і, з’яўляецца плёнам працы Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога праходзілі ў 2014 і 2015 гг.

1. 8 красавіка 2016 г. у ватыканскай Зале друку адбылася прэзентацыя доўгачаканай постсінадальнай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові) на тэму любові ў сям’і, падпісанай 19 сакавіка гг., у трэцюю гадавіну распачацця пантыфікату Папы. У ёй Пантыфік прадставіў вучэнне Касцёла пра сям’ю, зыходзячы з рэалій сучаснасці і крызісу, у якім яна знаходзіцца.

Ставячы ў галаву вугла як вучэнне Касцёла пра сям’ю, так і прынцып міласэрнасці, Папа прадставіў галоўныя пастырскія прынцыпы адказу на выклікі сучаснасці адносна інстытуту сям’і. Таму гэтая адгартацыя найперш з’яўляецца напоўненым клопату пра сям’ю, як галоўную клетку кожнага грамадства, і духам Божай міласэрнасці, з якой ніхто не можа быць выключаны, пастырскім дакументам, у якім дамінуе ідэя міласэрнасці і інтэграцыі сям’і ў касцёльную супольнасць.

Рэчаіснасць сучаснай сям’і і выклікі, з якімі яна сустракаецца


2. Апостальская адгартацыя «Amoris Laetitia» ўяўляе сабой вельмі шырокі дакумент, які складаецца больш чым з 200 старонак. 325 яго параграфаў раздзелены на ўступ і дзевяць раздзелаў.

Ва ўступе Папа засяроджвае ўвагу на складанасці праблемы і неабходнасці сур’ёзнага яе абмеркавання. Гэтаму служылі Сіноды Біскупаў 2014 і 2015 гадоў. Галоўнай тэмай адгартацыі з’яўляецца праблема любові ў сям’і.

Пантыфік таксама заўважае, што ў вырашэнні сучасных праблем інстытуту сям’і і захоўваючы непарушнымі дактрынальныя нормы, неабходна браць пад увагу канкрэтныя акалічнасці, гэта азначае ставіцца да іх з пазіцыі інкультурацыі, прынцыпы якой не могуць быць глабалізаваны.

Таксама павінна быць адзінства вучэння і дзеяння, што, аднак, не перашкаджае існаванню розных спосабаў інтэрпрэтацыі асаблівых аспектаў вучэння і вынікаючых з гэтага наступстваў. Адгартацыя заахвочвае сем’і адпаведна ацэньваць сужэнскі саюз і быць знакам міласэрнасці і блізкасці там, дзе сямейнае жыццё не ажыццяўляецца належным чынам.



Першы раздзел прысвечаны біблійнаму вучэнню аб сям’і, аб прыгажосці створанага Богам саюзу паміж мужчынам і жанчынай.

Другі раздзел прадстаўляе рэчаіснасць сучаснай сям’і і выклікі, з якімі яна сустракаецца. Гэта найперш «антынараджальная ментальнасць», якая ўсё больш умацоўваецца ў сучасным свеце; злоўжыванні адносна малалетніх і праблемы з жыллём; прыраўноўванне да сужэнства свабодных і гомасексуальных саюзаў, сурагатнае мацярынства і гендэрная ідэалогія.

Зыходзячы з вучэння Касцёла, дакументаў двух Сінодаў пра сям’ю і заяваў некаторых епіскапатаў, Папа падкрэслівае, што нельга адмовіцца ад прапановы сужэнства, а таксама заўважае неабходнасць змены мовы і самой паставы хрысціян у абвяшчэнні Евангелля сям’і.

Сужэнская любоў і крызісы сучаснай сям’і

У трэцім раздзеле прыгадваецца вучэнне Езуса Хрыста і Касцёла аб сужэнстве і сям’і, а таксама сакрамэнтальны характар сям’і. Акрамя таго, Папа засяроджвае ўвагу на тым, як мы павінны ставіцца да спрэчных у адносінах да ідэалу хрысціянства сітуацый у сямейным жыцці, падкрэслівае праблемы перадачы Божага дару жыцця, выхавання патомства і адносін паміж сям’ёй і Касцёлам. Перад абліччам гэтых і іншых праблем хрысціяне павінны даваць радаснае сведчанне аб сакрамэнтальным сужэнстве, з любоўю ставіцца да тых, хто знаходзіцца ў складанай сітуацыі.

Чацвёрты раздзел разглядае справу сужэнскай любові як сяброўскай, якая шукае карысці бліжняга, разглядае яе асаблівасці і праблемы развіцця, а таксама пытанні, звязаныя з выхаваннем чалавечай чуллівасці.

Пяты раздзел прысвечаны плённай любові, якая выражаецца ў адкрытасці на новае жыццё і яго прыняцці, усынаўленні дзяцей, а таксама значэнні шматдзетнай і шматпакаленнай сям’і.



Шосты раздзел прысвечаны некаторым душпастырскім перспектывам, звязаным з абвяшчэннем Евангелля сям’і, такім, як падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства, суправаджэння ў першыя гады сужэнскага жыцця, асабліва з боку дасведчаных сем’яў. Гэтае пастырства павінна быць місійным, а не фабрыкай курсаў. У гэтым працэсе падкрэсліваецца роля душпастыраў, як спаведнікоў і духоўных кіраўнікоў, а таксама парафій, касцёльных рухаў і г.д.

У гэтым разделе таксама ідзе гаворка пра крызісы сучаснай сям’і і спосабы іх вырашэння. Пры гэтым неабходна памятаць аб тым, што нават у сітуацыі разводу і новага несакрамэнтальнага сужэнскага саюзу сужэнцы застаюцца часткай Касцёла і не з’яўляюцца экскамунікаванымі.

Папа таксама звяртае ўвагу на тое, што ў такіх выпадках найбольшымі ахвярамі з’яўляюцца дзеці.

Адносна змешаных сужэнстваў, неабходна памятаць аб тым, што правы каталіцкага боку павінны быць захаваны.

Папа абсалютна супрацьстаіць планам зраўнання гомасексуальных саюзаў з сужэнствам.

Ні Сінод, ні адгартацыя не могуць прадставіць агульных норм для ўсіх выпадкаў

У сёмым раздзеле Пантыфік нагадвае пра выхаваўчую ролю сям’і, этычную адукацыю і выхаванне да правільна зразуметай адказнай свабоды. Сям’я з’яўляецца першай школай чалавечых каштоўнасцяў, сацыялізацыі, адпаведнага карыстання натуральнымі запасамі прыроды. Яна таксама займае галоўную ролю ў сексуальнай адукацыі маладога пакалення і перадачы веры.

Восьмы раздзел прысвечаны сітуацыі разведзеных і тых, хто знаходзіцца ў новых сужэнскіх саюзах. Першым пастулатам з’яўляецца іх суправаджэнне. У выпадку грамадзянскіх і нефармальных саюзаў неабходны дыялог з мэтай урэгулявання іх сітуацыі. Важны і прынцып ступеньчатасці, бо кожны чалавек развіваецца паволі праз паступовае пазнанне і прыняцце Божых дароў.

Кіруючыся прынцыпамі міласэрнасці, Папа заахвочвае не асуджаць такіх людзей без распазнання канкрэтнай сітуацыі і разумець іх цярпенні з мэтай дапамагчы ім адчуваць сябе не выключанымі з касцёльнай супольнасці праз удзел у яе жыцці, справах міласэрнасці, малітоўных сустрэчах і іншых душпастырскіх ініцыятывах.

Вельмі важным з’яўляецца заява Папы аб тым, што ні Сінод Біскупаў, ні Апостальская адгартацыя не могуць прадставіць агульных кананічных норм, якія можна было б выкарыстаць ва ўсіх выпадках. Магчымы толькі новы заклік да адпаведнага распазнання кожнага выпадку.

Паколькі мера адказнасці можа быць рознай, то і прымяненне такой нормы не абавязкова павінна быць тое ж самае.

У гэтым працэсе асаблівая роля належыць душпастырам, каб з міласэрнасцю прымаць, суправаджаць і інтэграваць у касцёльную супольнасць асобаў, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях дапамагаючы ім на шляху распазнання згодна з вучэннем Касцёла і дырэктывамі біскупа. Гэтае распазнанне павінна браць пад увагу патрабаванні евангельскай праўды і прапанаванай Касцёлам любові. Для гэтага неабходна выхоўваць праўдзівае сумленне ў людзей.

Часамі здараюцца змякчальныя сітуацыі, якія неабходна прымаць пад увагу пры душпастырскім распазнанні. Пры гэтым трэба памятаць, што агульныя нормы не могуць ахопліваць усіх сітуацый, аднак у той жа час практычнае распазнанне нельга падымаць да ўзроўню нормы. Касцёл не дазваляе «двайной маральнасці», але маральныя нормы не могуць быць «камянямі», якімі кідаюць у вернікаў. У такіх выпадках Папа заахвочвае да прымянення логікі душпастырскай міласэрнасці.   



Апошні, дзявяты раздзел прысвечаны сужэнскай і сямейнай духоўнасці. Сям’я з’яўляецца шляхам да святасці і сродкам духоўнай еднасці з Богам. У сувязі з гэтым Папа заклікае да супольнай малітвы ў сям’і, а таксама да таго, каб сужэнцы глядзелі адно на аднаго вачыма Бога, практыкавалі гасціннасць і грамадскую любоў.

Адгартацыя завяршаецца малітвай да Святой Сям’і.

Аналіз Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia» паказвае, што ў прынцыпе вучэнне Касцёла аб сям’і не змянілася і застаецца традыцыйным.

У той жа час у кожным канкрэтным выпадку, кіруючыся прынцыпамі міласэрнасці, неабходна шукаць душпастырскіх рашэнняў.

Напэўна, такі падыход будзе спрыяць развіццю душпастырства несакрамэнтальных сужэнстваў. Тым, хто знаходзяцца ў свабодных саюзах і не мае ніякіх кананічных перашкодаў, дапамагчы заключыць сакрамэнтальны саюз. Разведзеным і тым, хто знаходзіцца ў новых сужэнскіх саюзах, дапамагчы адчуваць сябе не па-за Касцёлам, але ў Касцёле з надзеяй на вырашэнне праблемы ў будучыні.

Такім чынам, другая Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» з’яўляецца новым эвалюцыйным крокам у развіцці душпастырства сям’і і вырашэння яе крызісаў. Яна перад усім разважае аб жывым арганізме сужэнскага саюза, а не толькі аб яго паталогіях. У ёй Папа Францішак прадставіў крыніцы натхнення для сучаснай сям’і, якімі з’яўляюцца Божае слова, вучэнне Касцёла аб сакрамэнце сужэнства і прыгожы гімн св. Паўла аб любові.

Папскі дакумент заклікае да пошуку дабра ў кожнай сітуацыі і магчымасцяў яго памнажэння згодна з правам ступеньчатасці, якое прапанаваў яшчэ св. Ян Павел II. Да ідэалу трэба ісці крок за крокам. Дынаміка ступеньчатасці выступае і ў нерэгулярных сітуацыях сям’і. Таму душпастыры павінны клапаціцца аб тым, як суправаджаць яе ў складаных сітуацыях. У гэтым сэнсе адгартацыя ўяўляе сабой «педагогіку творчай міласэрнасці».

У святле Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia» пастырскім прыярытэтам павінна быць сям’я, і Касцёл павінен мабілізаваць для гэтага ўсе сілы. Гэта вельмі складанае заданне, якое стаіць перад Касцёлам, але яго неабходна выконваць, каб сужэнская любоў стала крыніцай абяцанай нам радасці.

 
© 2003-2024 Catholic.by