Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці выставы ў памяць ахвяраў лагера смерці ў Трасцянцы | Друк |
Іерархі
14.03.2017 12:24

13 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, прыняў удзел у мерапрыемствах, звязаных з адкрыццём выставы, прысвечанай памяці ахвяраў лагера смерці ў Трасцянцы.

Адкрыццю выставы папярэднічала малітва перад урнай з парэшткамі ахвяр Трасцянца ў крыпце праваслаўнай Усіхсвяцкай царквы, якая знаходзіцца на аднайменнай вуліцы ў Мінску.  Апрача арцыбіскупа Тадэвуша, у малітве прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, пратаіерэй Фёдар Поўны, прафесар Манфрэд Цабел і галоўны рабін абшчыны прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч, а таксама запрошаныя госці.

У 18.00 у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося афіцыйнае адкрыццё выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». З прывітальнымі словамі да прысутных, між іншым, звярнуліся Алег Краўчанка, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама Міхаэль Рот, дзяржаўны міністр па справах Еўропы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі. На мерапрыемстве прыстунічалі людзі, якія перажылі нацысцкія лагеры смерці.

Выстава будзе працаваць з 14 сакавіка па 16 красавіка ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У перыяд з 1942 па 1944 гг. у наваколлі вёскі Малы Трасцянец, уключанай сёння ў межы Мінска, знаходзіўся самы вялікі нацысцкі лагер смерці на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Колькасць яго ахвяр не меншая за 200 тысяч чалавек.

Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by