Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце | Друк |
Іерархі
28.06.2017 12:22

Тэкст паведамлення на польскай мове >>>

Дарагія дыяцэзіяне, а асабліва вернікі Брэсцкага рэгіёна Пінскай дыяцэзіі!

Адзначаючы сотую гадавіну фацімскіх аб’яўленняў, 3 ліпеня мы ўсе разам сустрэнемся на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Брэсцкай, Маці-Выратавальніцы, якую асабліва ўшаноўваем у цудадзейным і вядомым Божымі ласкамі абразе ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце. Гэты абраз першы ў Беларусі пасля часоў ваюючага атэізму ў 1996 годзе быў ушанаваны папскімі каронамі дзякуючы старанням святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка і тагачаснага пробашча парафіі ксяндза Збігнева Кароляка.

Цудадзейны абраз Маці Божай у санктуарыі ў Брэсце, вядомы як ікона Маці-Выратвальніцы, з’яўляецца копіяй выявы Багародзіцы з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Ушанаванне гэтай іконы вядомае яшчэ з XVI стагоддзя з часоў заключэння Уніі паміж усходняй і заходняй хрысціянскай традыцыяй на нашых землях.

Маці Божая на працягу многіх стагоддзяў асабліва ўшаноўваецца шматлікімі пакаленнямі католікаў у нашай краіне. Напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай хачу запрасіць усіх Вас прыняць удзел у св. Імшы 3 ліпеня ў 18.00 у касцёле Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце.

Гэты дзень назаўсёды будзе ўпісаны ў вялікую гісторыю Касцёла ў Брэсце, бо з Божай ласкі на 16.00 запланавана набажэнства, падчас якога будзе закладзены і благаслаўлёны вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца. Парафія ў Рэчыцы мае працяглую гісторыю. Пасля таго, як ранейшая святыня была канфіскавана атэістычнай сістэмай, супольнасць вернікаў заставалася без месца культу. Таму цяпер, калі мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла ў Рэчыцы, ад усяго сэрца хочам дзякаваць Пану Богу. Няхай выразам удзячнасці стане наш актыўны ўдзел у гэтай памятнай урачыстасці, калі будзем закладаць вуглавы камень у муры новай святыні. Гэты камень з’яўляецца дарам з санктуарыя святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, у Іванаве.

Будаўніцтва новай святыні як месца асаблівага спаткання чалавека з Богам — гэта справа ўсяго Касцёла. Яна павінна стаць нашым дарам, які мы пакінем будучым пакаленням. Гэта дар, які будзе сведчыць пра нашу веру і клопат аб яе перадачы. Таму прашу Вас аб малітве і ахвярнасці дзеля новага касцёла ў Брэсце. З гэтай мэтай заахвочваю ўсе парафіі Брэсцкага рэгіёна правесці спецыяльны збор ахвяраванняў на новую брэсцкую святыню ў нядзелю 9 ліпеня, а таксама 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Калі іншыя парафіі, касцёльныя супольнасці і паасобныя вернікі праз свае ахвяраванні захочуць уключыцца ў справу падтрымкі будаўніцтва новай святыні, то гэта будзе хвалебным і канкрэтным выразам сапраўднай салідарнасці Касцёла. Добра ведаем, што кожная ахвяра каштоўная ў вачах Пана. Калі хтосьці дае на Божую справу, то ад гэтага ён не збяднее. А калі хтосьці нічога не дае для Божай справы, то ад гэтага не стане больш багатым. Таму паклапоцімся аб салідарнай дапамозе, якая, несумненна, прынясе багаты плён Божага благаслаўлення кожнаму шчодраму сэрцу.

Аднаўленне парафій і будаўніцтва новых святынь з’яўляецца выразным знакам адраджэння каталіцкай веры ў нашай краіне. Аднак мы ўсцяж адчуваем недахоп святароў. Палова парафій нашай дыяцэзіі не мае пастаяннага душпастыра. Таму заахвочваю ўсіх вернікаў, сабраных ля ног Маці Божай Брэсцкай, а таксама ўсіх, хто збіраецца ў святынях нашага мясцовага Касцёла, няспынна маліцца аб новых пакліканнях да святарства з нашых парафій. Будзем жа маліцца, каб наша Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску была напоўнена сэрцамі маладых мужчын, гатовых прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і Яго Касцёлу ў якасці святароў.

Заахвочваю ўсіх вернікаў дыяцэзіі да супольнага перажывання яшчэ адной важнай падзеі. 8 ліпеня ў 12.00 з Божай ласкі адбудзецца асвячэнне новага касцёла пад тытулам Хрыста – Добрага Пастыра ў мястэчку Гарадзец каля Кобрына. Гісторыя каталіцкай парафіі ў гэтай мясцовасці налічвае больш за 500 гадоў. Папярэдняя парафіяльная святыня, пабудаваная ў 1633 г. каралём Уладзіславам IV, была разбурана ў часы ваюючага атэізму. Сёння мы дзякуем Пану Богу за дар новай святыні, пабудаванай дзякуючы старанням мясцовых вернікаў на чале з іх пробашчам ксяндзом Чэславам Ёйкам FDP, а таксама дзякуючы салідарнай дапамозе Паўсюднага Касцёла.

Сардэчна запрашаю і заахвочваю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі да ўдзелу ў гэтых радасных і гістарычных падзеях у нашым мясцовым Касцёле: ва ўрачыстым благаслаўленні вуглавога каменя пад новую святыню ў Брэсце, асвячэнні касцёла ў Гарадцы, а таксама ва ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Брэсцкай.

На перажыванне гэтых вялікіх падзей ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю,

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 26.06.2017 г.

Шаноўныя душпастыры абвесцяць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 2 ліпеня 2017 г. падчас кожнай св. Імшы, а таксама размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на месяц ліпень. 

 
© 2003-2019 Catholic.by