У Аўстраліі будзе прапаведаваць місіянерка з Беларусі | Друк |
Душпастырства
12.12.2012 17:07

Каля 5 мільёнаў католікаў, 30 дыяцэзій, больш за 15 тысяч кіламетраў ад беларускай да аўстралійскай правінцыі — у такім напрамку накіроўваецца сястра назарэтанка Паула Волчак.

Місіі — гэта мара, да якой яна імкнулася. Як сцвярджае с. Паула, «Бог дае розныя пакліканні, і ёсць пакліканні ў пакліканні, як у маім выпадку».

Па прыездзе на месца служэння беларуская місіянерка зоймецца актыўным вывучэннем англійскай мовы, будзе наведваць пажылых людзей у «Доме спакойнай старасці», якім апякуюцца сёстры назарэтанкі, і дапамагаць у душпастырстве пакліканняў.

З рэдакцыяй газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця» сястра Паула падзялілася сваімі ведамі пра каталіцкую супольнасць у Аўстраліі. Цікавым фактам, на які звярнула ўвагу беларуская місіянерка, з’яўляецца тое, што «падрыхтоўка да Першай святой Камуніі выглядае не так, як у нас — заняткі праводзяцца для ўсёй сям’і, а не толькі для дзяцей». Варта адзначыць, што паміж Аўстраліяй і Ватыканам падпісаны канкардат.

Сястра Паула Волчак накіроўваецца ў Аўстралію на два гады. З беларускай правінцыі назарэтанак на місіі таксама выехалі ў Расію і Украіну.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by