Апостальства свецкіх, або пра дзейнасць Трэцяга ордэна дамініканаў у Беларусі | Друк |
Душпастырства
14.12.2012 13:24

Каб асвятліць тых,
што ў цемры і ў ценю смяротным…

Кожны хрысціянін, напэўна, разважае пра сваё пакліканне: раніцай, прачынаючыся, альбо вечарам, кладучыся спаць, альбо праз увесь дзень. Яно з’яўляецца вельмі важным момантам для кожнага чалавека, бо ў Бібліі напісана: «Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў» (1 П 4, 10). Хтосьці адкрывае свой дар у святарстве, хтосьці ў манаскім жыцці, а хтосьці ў сямейным і г.д. Але сёння хочацца спыніцца на такім пакліканні, як апостальства свецкіх людзей.

Яскравы прыклад такога паклікання — супольнасць дамініканскіх тэрцыярыяў, альбо Трэці Ордэн святога Дамініка, які з’яўляецца часткай вялікай дамініканскай сям’і. У Беларусі ён існуе ўжо 10 гадоў, але афіцыйна Брацтва свецкіх дамініканаў пад тытулам Святой Тройцы было зацверджана толькі 8 снежня 2012 года, калі брат Сяргей Дамінік Кучынскі OPs прынёс вечныя абяцанні і стаў сёмай «вечнай асобай», неабходнай для рэгістрацыі брацтва.

Тэрцыярыямі могуць быць як мужчыны, так і жанчыны. Галоўнай мэтай іх паклікання з’яўляецца святло Хрыста, якое яны нясуць туды, куды, магчыма, ніколі не дойдзе кансэкраваная асоба — на працу, дадому, у кола сяброў і г.д. Канечне, гэтыя людзі ўскладаюць на сябе дадатковыя абавязкі: малітву Брэвіярыя («Літургія гадзінаў»), ружанцовую малітву, пост, што з’яўляецца падтрымкай для ўсяго Касцёла. Кожны з тэрцыярыяў можа мець сям’ю і дзяцей, весці свецкае жыццё, згоднае з каталіцкім навучаннем, даючы асаблівае сведчанне веры.

У гэтым годзе Брацтва Святой Тройцы прыняло ў навіцыят Трэцяга Ордэна шасцёра чалавек, сярод якіх была і я. Прайшоў ужо амаль тыдзень з таго светлага моманту, а я быццам бы яшчэ знаходжуся там, ля алтара ў віцебскім касцёле святой Барбары. Канечне, разумею, што маё рашэнне ўключае ў сябе не толькі віншаванні і радасць, але і вялікую адказнасць, якую я бяру на сябе. Трэба быць гатовым сутыкнуцца з цяжкасцямі і годна іх пераносіць… І вельмі хочацца верыць, што свечка, запаленая ад Пасхала падчас аблучынаў, ніколі ўва мне не згасне, а будзе больш і больш асвятляць цемру людскога жыцця.

Рэгіна Гасанна Атрашкевіч OPs

 
© 2003-2024 Catholic.by