Аплатка для беларусаў у Варшаве: сабрацца разам, каб дзяліцца радасцю | Друк |
Душпастырства
18.12.2012 14:34
Перадкалядная сустрэча для беларусаў Варшавы прайшла 16 снежня ў кляштары айцоў -дамініканаў. Сёлетняя сустрэча, якая сабрала некалькі дзясяткаў вернікаў, стала працягам традыцыі і адбылася ўжо дзявяты раз.
 
Сустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў а. Віталь Сапега OP. У гаміліі святар звярнуў увагу на адказнасць кожнага чалавека перад сям'ёй, супольнасцю, да якой належыць, і перад краінай, у якой нарадзіўся і ў якой жыве.
 
Айцец Віталь Сапега адзначыў, што кожны павінен кіравацца дабром да бліжняга і справядлівасцю, а не ўласнымі амбіцыямі.
 
Пасля набажэнства сустрэча была працягнута вігілійнай малітвай, дзяленнем аплаткай і поснай вячэрай. 
 
«З розных прычынаў зараз мы жывём, вучымся або працуем у Варшаве. Хтосьці з нас у вігілійны вечар будзе на радзіме, з сям'ёй і сябрамі, а хтосьці вымушаны будзе застацца тут. Але вельмі важна, што мы змаглі сабрацца разам, каб падзяліцца радасцю, якую нясе святло нараджэння Збаўцы», — адзначыў адзін з ўдзельнікаў сустрэчы.
Ірына Губская
 
© 2003-2024 Catholic.by