Італьянскі святар больш за 20 гадоў займаецца аздараўленнем беларускіх дзяцей | Друк |
Душпастырства
15.01.2013 14:44

Мала хто ведае, што апрача рознай душпастырскай працы ў Віцебскай дыяцэзіі здзяйсняецца таксама аздараўленне дзяцей за мяжой. Вось ужо больш за 20 гадоў аздараўленнем беларускіх дзяцей у Італіі займаецца святар Дон Арманда Нардзіні, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Касцёлу і служэнню дзецям.

Дон Арманда Нардзіні стварыў спецыяльны фонд для дзяцей з бедных і патрабуючых сем’яў, які штогод прымае нашых дзетак у Італіі. Дзеці маюць магчымасць не толькі пазнаць культуру краіны, але і аздаравіцца на моры, сустрэцца з Папам у Апостальскай Сталіцы, пабываць на вулкане Везувій і ў гарах, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, у тым ліку з дзеячамі мастацтва.

Нарадзіўся Дон Арманда ў Італіі 15 жніўня 1921 года. У 1934 г. распачаў вучобу ў семінарыі, а скончыў яе па прычыне розных гістарычных падзей толькі ў 1947 г. З’яўляўся віцэ-рэктарам у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рыме да 1964 года. Пасля служыў у парафіі ў Сан-Джаванні Батыста дзі Россі. У 1997 г. выйшаў на пенсію і па сённяшні дзень працуе ў дабрачыннай арганізацыі «Puer».

Жыццёвая гісторыя Дона Арманда закранае час Другога Ватыканскага Сабору — адсюль і знаёмствы з рознымі прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла. Сціпласць, міласэрнасць, дабрыня, уменне слухаць іншага, разумець яго патрэбы — тыя рысы, якія характарызуюць гэтага святара. У яго можна павучыцца таму, як на працягу святарскага жыцця рэалізоўваць сваё пакліканне. Служэнне Богу і бліжняму, стойкасць у веры, прагненне дабра для ўсіх — мэты кожнага хрысціяніна, і менавіта яны прысутнічаюць у асобе гэтага душпастыра.

Мне пашчаслівілася пазнаёміцца з Донам Арманда ў той час, калі я быў яшчэ дыяканам. Увесь рамонт і кіраўніцтва працай парафіяльнага дома ў Бягомлі — гэта яго заслуга. Памятаю яго сустрэчы з дзецьмі, са старэйшымі людзьмі, у якіх ён праяўляў сябе як чалавек, заўсёды прасякнуты полымем любові да бліжняга. Таксама памятаю першую сустрэчу ў Ватыкане і ў Італіі, гасціннасць святара. Гэты чалавек — сапраўдны ахоўнік малітвы і моцнай веры, і ці не гэтаму мы — і святары, і свецкія вернікі — павінны вучыцца ў яго?

Служэнне Дона Арманда заключаецца не толькі ў збіранні фінансавых сродкаў для дзяцей (усе свае пенсіі на працягу года святар збірае і ахвяруе на магчымасць прыняць нашых дзяцей у Італіі), але і ў адказнасці за арганізацыю як мага лепшага адпачынку для дзяцей з Мінска, Валожына, Бягомля, Оршы. Цяжка ўявіць, як гэты хваравіты чалавек, які мае 91 год, можа ўчыніць столькі рэчаў і быць вельмі патрэбным іншым. Ці не пацвярджае гэта таго, што і ў цярпенні таксама можна сведчыць аб любові да бліжняга? Напэўна, так, калі цярпенне прымаць як дар — ласку ад Пана Бога.

У нашай памяці часта застаюцца людзі, якія адышлі ў вечнасць. Але мы можам браць прыклад таксама і з тых, хто, сціпла ходзячы па зямлі, без усялякага піяру, абвяшчае Хрыста, які ёсць у кожным чалавеку. Няхай жа асоба святара Дона Арманда Нардзіні будзе прыкладам для кожнага з нас, як можна ў ХХІ стагоддзі быць міласэрным і адданым Пану Богу.  

З пашанай і малітвай
кс. Валеры Орсік, дэкан Аршанскі


 

 
© 2003-2024 Catholic.by