Для супольнасцяў «Аб’яднанне каталіцкага апостальства» адбыліся рэкалекцыі «Сведак Хрыста ў сям’і» | Друк |
Душпастырства
22.02.2014 19:32

“Сведак Хрыста ў сям’і” – пад такой назвай прайшлі рэкалекцыі для супольнасцяў ЗАК з г. Бярозы і г.п. Воранава. У ЗАК (бел. АКА - Аб’яднанне каталіцкага апостальства) згодна з харызматам святого Вінцэнта Палоцці ўваходзяць святары, сёстры законныя і свецкія вернікі, іх мэтай з’яўляецца ажыўленне свядомасці апостальскага паклікання кожнага чалавека, служэнне Касцёлу праз супольную працу ў парафіі.

Такія рэкалекцыі адбываюцца штогод у Душпастырскім цэнтры айцоў вербістаў у Баранавічах. Сёлета іх правялі кс. Алег Грыгаровіч SAC – дэлегат палатынаў у Беларусі і с. Наталля Пецкялюн SAC – аніматар супольнасці ЗАК у г. Бярозе. Прысутнічаў семінарыст Яўген Юршо SAC з Воранава і свецкія вернікі.

Рэкалекцыі працягваліся тры дні, кожны з якіх меў сваю падтэму і план. З канферэнцыямі выступаў кс. Алег Грыгаровіч SAC. Тэмай першага дня было “Створаныя, каб кахаць”, другога – “Сакрамэнтальнае сужэнства – радасці і цяжкасці”, трэцяга – “Супольнасць ЗАК як сям’я”.

Штодзень удзельнікі мелі шмат часу на малітву: медытацыя над Божым словам, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургія Гадзін. Падчас Эўхарыстыі прысутныя дзякавалі Богу і ахвяравалі Яму сваё жыццё, а таксама жыццё сваіх сем’яў і супольнасцяў. Важным быў момант малітвы вернікаў, у якім інтэнцыі, якія ішлі проста з сэрца, здаецца, не мелі канца.

Праца ў групах была яшчэ адной магчымасцю, каб больш пазнаць адзін аднаго, розныя спосабы мыслення і перажывання жыцця. Дыскусіі на канкрэтную тэму, заданую ў працы ў групах, перараджаліся ў “няскончаныя размовы”, якія пасля вяртання дадому яшчэ трываюць.

Адбыўся і “вясёлы вечар”, бо ў добрай сям’і заўсёды ёсць час і на супольную гульню. Гэта была наступная магчымасць для перажыцця еднасці. Умець бавіцца разам – вялікая справа, тым больш калі сустракаюцца людзі ад 30 да 80 гадоў.

Галоўную ролю, як і падчас кожных рэкалекцый, меў сам Бог, а ўдзельнікі стараліся Яму дапамагчы – праз розныя духовыя практыкаванні зрабіць дарогу да чалавечых сэрцаў.

С. Наталля Пецкялюн SAC

 
 
 

 

 
© 2003-2024 Catholic.by