У Баранавічах адбыліся рэкалекцыі руху «Сужэнскія сустрэчы» | Друк |
Душпастырства
01.04.2014 10:23

З 28 па 30 сакавіка ў доме Святой Тройцы ў Баранавічах прайшлі рэкалекцыі руху «Сужэнскія сустрэчы». На ўікэнд прыехалі 11 сужэнстваў з розных куткоў Беларусі: Мінска, Гродна, Пастаў, Івянца, Слоніма, Наваельні, Баранавіч. Удзел прымаў таксама а. Анатоль Ярошка, капуцын са Слоніма. Праводзілі ўікэнд айцец Конрад Патыка SVD і аніматары Аляксандр і Святлана Квяткоўскія з Баранавіч, Юрый Дзеніс і Наталля Трасцянка з Івянца, Аляксей і Марына Куратнік з Івацэвіч.

Вядучыя пары адкрыта падзяліліся сямейнымі праблемамі, перажытымі ў сваіх сужэнствах: неразуменне пачуццяў, сямейныя канфлікты, крызісы ў адносінах з дзецьмі. Таксама гучала шмат слоў, выказваючых любоў, шчасце і радасць, што з’яўляюцца пасілкам для сужэнскага кахання. Вельмі добразычлівыя адносіны ў групе, яднанне і паразуменне спрыялі глыбокаму перажыванню сужэнцамі падрыхтаваных сустрэч. Дыялог сямейных пар быў адкрытым, напоўненым даверам да Бога. Усе прысутныя католікі прыступілі да сакрамэнту пакаяння.

Рэкалекцыі прынеслі багаты плён, пра што сведчаць сужэнцы:

“Адчуваю прыўзнятасць, натхненне. На душы свята, такое пачуццё, што мы нанова бралі шлюб”.
“Не чакаў многага, калі ехаў сюды, але адбыўся пералом ува мне, у маім стаўленні да жонкі, да нашага жыцця. Я проста напоўнены шчасцем!”
“Бог вёў нас сюды, я рада, што патрапілі на рэкалекцыі, бо ўжо заблыталіся ў нашых адносінах. А зараз усё ясна і зразумела, як будаваць свае адносіны далей”.
“Шмат даведаўся пра Бога і пра тое, што трэба больш клапаціцца пра духоўную прыгажосць”.
“Рэкалекцыі для мяне былі цяжкімі, патрапілі сюды ў патрэбны момант. Замяшанне змянілася надзеяй. Я зразумела, што калі адкрыцца на мужа і на Бога, то гэта аб'ядноўвае і ўмацоўвае”.
“Атрымалася абмеркаваць праблемы без злосці і гневу. Бог дапамагаў слухаць і чуць мужа”.
“Рэкалекцыі пражылі так, як мару пражыць усё наша сужэнскае жыццё. Мары малодзяць людзей!”
“Ніколі раней не быў так блізка да Бога. Убачыў шмат адкрытых сэрцаў. Тры дні праляцелі як імгненне. “Зерні даюць плён””.
“Праз сведчанні аніматараў атрымала адказы Бога”.
“Набылі ключы да вырашэння складаных пытанняў. Атмасфера спрыяла дыялогу, шмат даведаўся пра пачуцці і перажыванні жонкі”.
“Сведчанні даюць сілу! Штодзённыя сітуацыі для аніматараў, а для нас - адказы на пытанні”.
“Шквал пачуццяў, мора эмоцый і, самае галоўнае, нейкі дзівосны душэўны супакой, з якім мы ад'язджаем адсюль. Вы дапамаглі нам стаць больш шчаслівымі”.

Святлана i Аляксандр Квяткоўскія


 

 
© 2003-2024 Catholic.by