Нататкі місіянера: дзіцячы летнік быў скончаны з-за пагрозы ліхаманкі Эбола | Друк |
Душпастырства
14.08.2014 19:07

Беларус кс. Сяргей Гоман — святар-місіянер з Таварыства cв. Яна Боско. Ужо 13 гадоў ён працуе на місіях у Афрыцы. На Catholic.by святар дасылае свае фотарэпартажы з апісаннем найбольш цікавых падзей місійнага жыцця. Cёння святар распавядае пра працу дзіцячага летніка ў С’ера-Леонэ.

Штогод салезіяне Дона Боско афрыканскай правінцыі арганізоўваюць летнікі ў парафіях, дзе працуюць нашы браты, для дзяцей і падлеткаў у пачатковых і сярэдніх школах

Гэты год таксама не стаў выключэннем. Тэмай нашага летніка сёлета быў дэвіз «Проста будзь святым», таму што кожны дзень быў прысвечаны абмеркаванню святасці нашай моладзі ў штодзённасці.

Наш летнік распачаўся спачатку летнікам аніматараў, які доўжыўся два дні. Сутнасць летніка была ў тым, каб навучыць аніматараў неабходнай ім працы з дзецьмі і правесці падрыхтоўку да асноўнага летніка.

Галоўны летнік распачаўся 27 ліпеня. У 8.10 - ранішняя малітва. Мы тлумачылі дзецям, што такое святасць і наколькі важная яна ў сённяшнім свеце. Таксама вучылі таму, як і дзе варта шукаць святасць у нашай штодзённасці. Прыблізна ў 8.30 пачыналіся нашы асноўныя заняткі, дзе мы дапамагалі дзецям у розных прадметах, якія яны вывучаюць у школе. Таксама адбываліся адмысловыя заняткі па баявому майстэрству, сучаснаму танцу, тэатральнаму майстэрству і г.д.

Пасля заняткаў дзеці спаборнічалі ў сваіх уменнях, якія яны паглыбілі на занятках у нашым летніку. Іх выступленні ацэньваліся. Звычайна такімі днямі былі панядзелак, серада і пятніца. На кожны дзень тыдня адводзілася адмысловая дзейнасць.

У сераду мы глядзелі адукацыйныя фільмы, а пятніца была вылучана для прагулак і знаёмства з прыродай. Агульная колькасць дзяцей, якія запісаліся да нас у летнік, дасягала лічбы ў 146 чалавек. Аднак да канца давесці летнік не атрымалася.

... Сёння паліцыя сказала нам спыніць наш летнік у Лунгі з-за вірусу Эмбола, які актывізаваўся ў рэгіёне. Прэзідэнт С’ера-Леонэ выдаў указ, які ў межах прафілактыкі забараняе любыя народныя забавы ў краіне.

Дарагія беларускія чытачы, я хачу папрасіць вас аб малітве, асабліва ў інтэнцыі дзяцей, чые бацькі памерлі ад ліхаманкі Эбола ў С’ера-Леонэ, Ліберыі і Гвінеі.

З найлепшымі пажаданнямі.

Сяргей Гоман SDB

 
© 2003-2024 Catholic.by