Маці Божая Заслаўская, маліся за нас: асвячэнне абраза Маці Божай у заслаўскім касцёле | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.10.2009 19:04

24 кастрычніка 2009 г. у заслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Архікатэдральны дэканат) з удзелам шматлікіх вернікаў адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза Маці Божай, які быў змешчаны ў галоўным алтары святыні.

Заслаўскі касцёл, які зараз адбудоўваецца, робіцца ўсё больш прыгожым і прывабным для вернікаў. Па ініцыятыве пробашча парафіі кс. Пятра Врубеля і дзякуючы дапамозе спонсараў для святыні быў створаны новы абраз.

Святую Імшу ў дзень урачыстага асвячэння абраза Маці Божай узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і святары. У прывітальным слове пробашч парафіі кс. Пётр Врубель згадаў назву новага абраза — абраза Маці Божай Заслаўскай. Мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі нагадаў пра значэнне слова «абраз», якое ўзыходзіць да грэчаскага «ікона», што значыць выява Хрыста. Усе абразы святых ці Маці Божай павінны, такім чынам, весці людзей да Езуса Хрыста.

Абраз, што асвячаўся ў гэты дзень, менавіта і прадстаўляе Панну Марыю, якая дае людзям Езуса. Углядаючыся ў выяву Маці Божай, мы, як адзначыў Мітрапаліт, павінны імкнуцца да духоўнай вышыні. Падобна таму, як касцёл у Заслаўі знаходзіцца на горцы і бачны здалёк, так вернікі павінны знаходзіцца на маральнай вышыні, каб іх жыццёвае сведчанне дапамагала людзям адмовіцца ад выбару секулярнай мадэлі жыцця на карысць мадэлі маральнай.

Напрыканцы святой Імшы вернікі павіншавалі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з 20-годдзем біскупскай сакры і імянінамі, якія адбудуцца ў хуткім часе.

 
© 2003-2024 Catholic.by