Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
100-годдзе касцёла святога Юзафа ў Рубяжэвічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.06.2010 14:45

13 чэрвеня 2010 г. у Рубяжэвічах адбылося святкаванне, прымеркаванае да 100-годдзя касцёла святога Юзафа. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікія святары, сёстры законныя, прадстаўнікі дзяржаўнай улады Мінскай вобласці, Стаўбцоўскага раёна і мясцовага сельсавета.

Пробашч кс. Рычард Юнік і парафіяне доўга рыхтаваліся да гэтага свята, якое мела не толькі рэлігійны, але таксама грамадскі і мастацкі характар. Свята паказала, што сёння рубяжэвіцкі касцёл стаў арганічнай часткай мясцовага грамадства.

Вернікі ўрачыста — з хлебам-соллю — сустракалі свайго арцыпастыра на ўездзе ў Рубяжэвічы, адкуль у працэсіі пад гукі школьнага духавога аркестра, што ў мінулым годзе прымаў удзел у набажэнстве на завяршэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прашлі да касцёла. Перад святыняй прадстаўнікі ўлады і нашчадкі галоўных фундатараў касцёла прамовілі да прысутных і адкрылі памятную дошку, якую затым асвяціў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп. Падчас гаміліі іерарх выказаў Богу ўдзячнасць за тое, што стагоддзе таму вернікі атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла. «Гэта быў час пасля царскага ўказу ад 1905 г. аб рэлігійнай талерантнасці. Вернікі добра ведалі, якое заданне стаяла перад імі, і таму хутка, усяго за некалькі год, пабудавалі вялікую і вельмі прыгожую святыню, якая сёння з’яўляецца помнікам архітэктуры. Гэта павінна стаць добрым прыкладам і для сучасных вернікаў, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Мы атрымліваем пляцоўкі пад будаўніцтва касцёлаў і вернікі павінны браць больш актыўны ўдзел у іх узвядзенні».

Іерарх таксама падкрэсліў, што Бог адарыў рубяжэвіцкі касцёл вялікай ласкай: «ні войны, ні пераслед веры не знішчылі яго». «Апякун рубяжэвіцкай парафіі святы Юзаф, які з’яўляецца апекуном паўсюднага Касцёла, аберагаў гэтую святыню. Таксама ў часы ганенняў тут заўсёды быў святар. Сённяшні пробашч кс. Рычард Юнік менавіта ў гэтай святыні доўгія гады працаваў арганістам і адначасова патаемна рыхтаваўся да святарства».

«Касцёл — гэта месца спаткання чалавека з Богам, і яно найперш адбываецца праз абвяшчэнне Божага слова. Вера ад слухання — навучае св. апостал Павел. І менавіта ў касцёле ці касцёльных памяшканнях адбываецца абвяшчэнне Евангелля і катэхізацыя, — нагадаў арцыпастыр. — Для збаўлення неабходна Божая ласка, якую чалавек атрымлівае праз удзел у сакрамэнтах. Сакрамэнты таксама цэлебруюцца ў касцёле. Нарэшце, чалавек удасканальваецца ў хрысціянскай супольнасці, дзе вучыцца служыць Богу і бліжняму, а супольнасць гэтая фарміруецца ў касцёле. Святыня спадарожнічае чалавеку ад часу яго духоўнага нараджэння ажно да смерці, і нават пасля яго смерці Касцёл моліцца за памерлага. Таму жыццё кожнага хрысціяніна цесна звязана з Касцёлам — сакрамэнтам паўсюднага збаўлення».

«Хто зможа пералічыць, колькі сакрамэнтаў хросту, споведзі, сужэнства, колькі святых Імшаў, святых Камуніі было ў сценах гэтай святыні? Што маглі б расказаць яе сцены? Колькі людзей знайшло тут духоўны супакой і надзею? Гэта ведае толькі Бог», — адзначыў іерарх.

«Сёння, у новых абставінах свабоды веравызнання, — падкрэсліў Мітрапаліт, — калі многія самі адракаюцца ад веры або жывуць так, як быццам Бог не існуе, неабходна ізноў звяртацца да Касцёла. Трэба маліцца да св. Антонія, апекуна згубленых рэчаў. Найбольшай праблемай з’яўляецца тое, што чалавек страціў веру. Падчас пераследу чалавеку забаранялася верыць, а сёння чалавек сам адракаецца ад веры. Таму нам неабходна заступніцтва св. Антонія, каб мы маглі адшукаць згубленую веру».

На заканчэнне арцыпастыр заклікаў вернікаў «у імя тых, хто будаваў касцёл у Рубяжэвічах, і тых, хто ў часы ганенняў захаваў веру, заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і не забываць дарогі да касцёла, дзе іх чакае Езус — адзіны Збаўца».

Пасля Эўхарыстыі адбылося набажэнства да Найвяцейшага Сэрца Езуса, эўхарыстычная працэсія і набажэнства да св. Антонія з благаслаўленнем дзяцей.

Пасля завяршэння рэлігійнай часткі ўрачыстасці на прыкасцёльнай пляцоўцы, дзе была падрыхтавана адмысловая «вёска» паміж камянёў, якія апавядаюць пра гісторыю будаўніцтва касцёла, адбылося гулянне з пачастункам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.