«Музычная майстэрня» абудзіла Івянец | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.07.2010 00:12

Увечары 30 ліпеня 2010 г. удзельнікі ІІІ Малітоўнай сустрэчы моладзі сабраліся на канцэрце, які падрыхтавала «Музычная майстэрня». Ужо ў восьмы раз «Майстэрня» збіраецца ў Івянцы. Ініцыятарамі яе правядзення з’яўляюцца а. Лех Баханэк OFM Conv і польскі культурны дзеяч і музыкант спадар Ян Паспяшальскі.

У межах «Майстэрні» група з Польшчы арганізоўвае для ўдзельнікаў разнастайныя майстаркласы: харавы спеў, дырыжыраванне (Зоф’я Сакалоўская, Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ у Варшаве), кампазіцыя (Павел Бэмбэнэк, Кракаў), тэатральнае майстэрства.

Пяць дзён парафіяльныя гурты і хоры, кантары і моладзь, зацікаўленая ў касцёльнай музыцы, вучыліся спяваць разам і праслаўлялі Бога праз спеў. Усе гэтыя дні ўдзельнікі «Майстэрні» таксама прымалі ўдзел у набажэнствах, дзяліліся адно з адным сваёю вераю. Паводле сведчанняў удзельнікаў «Майстэрні», у гэтыя дні, насычаныя малітвай і касцёльнымі спевамі, многія з тых, хто перажываў крызіс у веры, зведалі навяртанне.

 
© 2003-2024 Catholic.by