Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэстаўрацыя капліцы-пахавальні ў вёсцы Прасці
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.11.2010 14:25

Вясною 2009 г., дзякуючы намаганням кс. Ігара Лашука SDB, распачалася рэстаўрацыя капліцы-пахавальні ў в. Прасці (Нясвіжскі раён). Працы вядуцца на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі. У сувязі з адсутнасцю ў архівах арыгінальных дакументаў рэстаўрацыя вядзецца на аснове ўскосных звестак і па аналагах.

16 лістапада 2010 г. былі асвячоны і ўстаноўлены крыжы на капліцы-пахавальні. «Ва ўспамін Маці Божай Міласэрнасці дзякавалі Богу за магчымасць аднавіць страчанае, а таксама за тых, хто прычыніўся да гэтай справы», — адзначае дэкан Серабранкаўскі кс. Ігар Лашук.

У бліжэйшы час плануецца пакрыць дах. На гэтым працы на зімовы перыяд спыняцца, аднак, як адзначае кс. Лашук, не спыняцца малітвы: «Будзем прасіць Бога, каб паслаў людзей добрай волі, гатовых дапамагчы ў справе аднаўлення капліцы».

У планах — звонку атынкаваць будынак і ачысціць дольнае памяшканне.

З гісторыі

Капліца ў в. Прасці (Нясвіжскі раён) была пабудавана прыкладна ў 1850 г. Гэты час быў вельмі складаным і для грамадства, і ўвогуле для каталіцкай веры ў гэтых мясцінах. У 1839 г. на Полацкім саборы па ініцыятыве тагачаснага праваслаўнага епіскапа Сямашкі была скасавана унія, пасля чаго распачаліся пераследы ўніяцкай Царквы. Уся ж гэтая мясцовасць была даволі багата пакрыта ўніяцкімі святынямі. Такім чынам, у гісторыі гэты час акрэсліўся як перыяд знішчэння ўніяцтва. Частка грэка-католікаў перайшла ў праваслаўе.

Мясцовыя заможныя людзі пачалі будаваць пахавальныя капліцы, якія не маглі быць зачынены або перароблены пад праваслаўны храм. Капліца ў Прасцях была пабудавана на могілках як пахавальная капліца роду Пратасевічаў. Будынак быў даволі вялікіх памераў. Раскопкі паказалі, што фундаменты ў два разы даўжэй за сам будынак. Гэта дазваляе меркаваць, што планавалася пабудаваць большую святыню.

Капліца пэўны час была адзіным месцам малітвы для вернікаў каталіцкага веравызнання ў гэтых мясцінах.

Пасля Другой сусветнай вайны капліца ў Прасцях была разбурана, хоць і прастаяла на працягу ўсёй вайны. Мясцовыя жыхары апавядаюць, што ў будынак толькі некалькі куль трапіла падчас перастрэлкі. У пошуках золата людзі разабралі капліцу, знялі крышу, разбурылі пахавальню, знялі гранітныя пліты. З гадамі капліца прыйшла ў заняпад.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.