Хвілінай цішыні ўшанавала памяць Яна Паўла ІІ беларуская моладзь (дададзены фотарэпартаж) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.04.2011 02:06

2 красавіка — шостая гадавіна смерці Вялікага Папы Яна Паўла ІІ. І ў гэты дзень, а дакладней ноч (з 2 на 3 красавіка), маладыя вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся на супольную малітву. Сустрэча распачалася хвілінай цішыні на ўшанаванне памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ (у 22.37).

«Сёння, 2 красавіка, спаўняецца 6 год са смерці Вялікага Папы Яна Паўла II, які будзе беатыфікаваны 1 мая, — звярнуўся да моладзі ў гаміліі  Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Менавіта ён заснаваў традыцыю Сусветных дзён моладзі, якая працягваецца. Упершыню моладзь Беларусі і краін былога Савецкага Саюза прыняла ўдзел у такім форуме ў 1991 г. у Чэнстахове ў Польшчы».

 Па словах Мітрапаліта, гэтыя сустрэчы запомніліся многім маладым людзям, у тым ліку і беларусам, як благаслаўлёныя хвіліны, якія іх вялі да свабоды ў Духу Божым.

«Таму зразумела, што сённяшняе наша велікапоснае чуванне моладзі прысвечана свабодзе. Яго дэвіз — гэта словы св. апостала Паўла да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус, — падкрэсліў арцыпастыр. — Адыходзячы да дому Нябеснага Айца, папа Ян Павел II звярнуўся да сабранай на плошчы Св. Пятра моладзі са словамі: „Я вас шукаў, і вы прыйшлі“. Папа нас шукаў і мы прыйшлі сёння, каб разважаць на тэму свабоды ў Хрысце».

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>


Як і Ян Павел II на пачатку свайго Пантыфікату, Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў моладзь «адчыніць дзверы свайго сэрца Хрысту». Ён дапаможа не ўпасці і, жывучы паводле духа Евангелля, быць свабодным і шчаслівым.

У начным чуванні прынялі ўдзел каля 640 маладых людзей з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

 
© 2003-2024 Catholic.by