Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях на Кальварыі. За тых, хто «быў асуджаны на смерць» у мінскім метро.
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.04.2011 21:17

15 красавіка 2011 г. адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Пасля завяршэння разважанняў аб цярпеннi Езуса і Яго крыжовай смерці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Гэтыя набажэнствы цэлебраваліся ў інтэнцыі ахвяраў тэрарыстычнага акту, які меў месца ў мінскім метро 11 красавіка гг.

Як адзначыў Мітрапаліт на пачатку набажэнстваў, Крыжовы шлях сёння праводзіцца «за тых, хто быў асуджаны на смерць» у мінскім метро. Раней, дадаў іерарх, на смерць асуджаліся найбольшыя злачынцы, але Езус Хрыстус асвяціў гэты шлях. «Панясём на ім нашы цяжкасці, нашы слёзы, каб выпрасіць у Бога ласку для тых, хто пацярпеў у гэтай трагедыі», — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Дэкарацыі, натуральная і пранікнёная ігра акцёраў — усё гэта падчас інсцэніраванага Крыжовага шляху, які перадаваў суд над Хрыстом і Яго смерць, адлюстравала каларыт тых далёкіх часоў і глыбіню падзей. «Гэта сімвалічна, што ў Мінску ёсць Кальварыя, — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч на заканчэнне Крыжовага шляху. — Метро стала новай мінскай Кальварыяй». Але, як дадаў арцыпастыр, крыж Хрыста прывёў да ўваскрасення, калі наш смутак дзякуючы Хрыстовай моцы заменіцца на велікодную радасць.

Мітрапаліт падзякаваў акцёрам і ўсім, хто дапамагаў рыхтаваць інсцэніраванае набажэнства. Таксама, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, і мы павінны ў сваім жыцці несці свой уласны крыж разам з Хрыстом, кажучы: «Вітай, крыж, адзіная мая надзея».

Адразу пасля Крыжовага шляху адбылася святая Імша. У гаміліі Мітрапаліт прадставіў ахвяру крыжа як збаўчую ахвяру. «Падчас Крыжовага шляху мы звяртаем ўвагу на крыж і цярпенні Хрыста і стараемся ўключыцца ў іх, каб суцярпець разам з Езусам. Крыж, які да Езуса Хрыста быў знакам ганебнай смерці, стаўся знакам збаўлення і надзеі. Ён стаўся такім, бо на ім Хрыстус выканаў волю свайго нябеснага Айца», — адзначыў іерарх.

Сучасны чалавек, па словах Мітрапаліта, марыць аб свабодзе і аўтаноміі. Ён часта не хоча залежаць ні ад каго, у тым ліку і ад Бога. Таму выкананне Божай волі і Яго закону становіцца для чалавека крыжом. Такім крыжом становіцца нядзельная святая Імша, штодзённая малітва, споведзь, належнае захаванне посту, сужэнская вернасць, захаванне цноты чысціні, любоў да бліжняга, штодзённыя абавязкі і г. д.  

Аднак, працягваў арцыбіскуп, мы павінны памятаць, што ўсё наша жыццё пазначана крыжом, «і хочам мы гэтага ці не, нам трэба яго несці». «Калі не хочам гэтага чыніць, то не ўзнімемся ўверх і будзем ляжаць у балоце нашых грахоў і парокаў, і замест цывілізацыі любові будзем будаваць цывілізацыю нянавісці і зла, — падкрэсліў іерарх. — Калі не будзем несці крыжа свайго жыцця, то ў нашым сэрцы не будзе Бога. А калі ў сэрцы няма Бога, там пануе грэх з усімі яго наступствамі. Тады чалавек здольны на ўсялякага роду злачынствы, нават супраць самага вялікага Божага дару, якім ёсць дар жыцця. Бо як інакш можна растлумачыць трагедыю ў мінскім метро? Толькі адсутнасцю любові да бліжняга, якая з’яўляецца паказчыкам любові да Бога».

«Ахвяры крывавага злачынства ў мінскім метро ўключыліся ў цярпенні і кальварыйскую ахвяру Хрыста, — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Як ахвяра Хрыста не была дарэмнай, так і іх ахвяра не павінна адысці ў забыццё. З яе трэба зрабіць адпаведныя высновы на ўсіх узроўнях грамадскага і рэлігійнага жыцця. Яна павінна заклікаць нас да рахунку сумлення, каб у святле Евангелля мы змаглі лепей пазнаць сябе і свае хваробы, каб іх вылечыць». Найперш, па словах іерарха, сучасны свет трэба лячыць ад эгаізму і геданізму, ад недахопу сапраўднай любові да бліжняга.

Таксама, дадаў Мітрапаліт, трагедыя ў метро «павінна кансалідаваць, а не дзяліць наша грамадства, бо толькі ў адзінстве сіла». Яна «павінна заклікаць да пакаяння і ўзаемнага прабачэння з мэтай будаваць згоду».

Арцыбіскуп Кандрусевіч прыгадаў вернікам прыклад такой згоды і разумення. Калі ў 1962 г. Прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі сустрэўся з прадстаўніком СССР Мікітам Хрушчовым, на сустрэчы прысутнічалі і іх жонкі. Дзяржаўны Сакратарыят ЗША рэкамендаваў спадарыні Кенэдзі не рабіць нічога такога, што магло б паставіць у нязручнае становішча жонку Хрушчова. Аднак жонка Кенэдзі падарыла госці сярэбраную брошку. «Жонка Хрушчова апынулася ў вельмі складанай сітуацыі, бо не мела з сабой ніякага падарунку, — апавядаў Мітрапаліт. — Яна доўга шукала ў сваёй сумачцы і знайшла крыжык. Жонка бязбожнага Хрушчова падарыла каталічцы Жаклін Кенэдзі крыжык. Паколькі яны не размаўлялі на іншых мовах, менавіта крыж паслужыў ім перакладчыкам».

Таксама і сёння, падвёў выснову іерарх, крыж павінен стаць для ўсіх нас «боскім перакладчыкам, каб мы ў святле яго праўды лепей разумелі адзін аднаго і імкнуліся да еднасці».

У малітве арцыпастыр папрасіў Бога, каб, падобна таму, як Ён прыняў ахвяру свайго Сына Езуса Хрыста і праз яе збавіў свет, міласціва прыняць ахвяры выбуху ў мінскім метро. «Загінуўшых прымі ў вечнае жыццё. Адары сваім супакоем іх сем’і і блізкіх. Дапамажы ў хутчэйшым выздараўленні параненым. Сцеражы нас ад падобных няшчасцяў і выпрабаванняў. Прывядзі да навяртання і пакаяння тых, хто здзейсніў гэты жудасны акт, каб зразумелі, што даўцам і Панам жыцця з’яўляецца Бог і што паводле Яго волі ўсе павінны шанаваць і бараніць жыццё, а не нішчыць», — такімі былі словы малітвы іерарха.

«Слава Бога — гэта жывы чалавек, жывы целам і душой, — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Няхай праўда аб штодзённых пагрозах нашаму жыццю — як фізічнаму, так і духоўнаму, — дапаможа нам у святле праўды крыжа Езуса Хрыста і крыжа ахвяраў мінскага метро шанаваць і бараніць жыццё, каб быў праслаўлены Бог, у якім наша надзея».

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме