Мітрапаліт Кандрусевіч: Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі! | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.05.2011 17:55

«Сёння ніхто і нішто не можа перашкодзіць Яну Паўлу ІІ сваім духам святога быць разам з намі. І мы верым, што ён сапраўды благаслаўляе нас з акна нябеснага Айца», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 8 мая 2011 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў у мінскай архікатэдры святую Імшу падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ.

«Ян Павел II увайшоў у гісторыю як мудры пастыр паўсюднага Касцёла, які ўмеў чытаць знакі часу і прымаць адпаведныя рашэнні, — такімі словамі ўзгадаў Вялікага Папу Мітрапаліт Кандрусевіч. — Мы памятаем яго як мужнага абаронцу хрысціянскіх каштоўнасцяў, які быў голасам сумлення сучаснага свету, а таксама як выдатнага тэолага, чалавека дыялога, змагара за мір, паэта, спартсмена. Ён вельмі любіў моладзь, якую называў надзеяй Касцёла і свету. Гэта дзякуючы яму мы маем Сусветныя дні моладзі. Ён умеў слухаць кожнага, клапаціўся пра бедных і хворых і вельмі любіў тонкі гумар».

Сваімі якасцямі, па словах арцыпастыра, Ян Павел ІІ «заслужыў аўтарытэт і павагу не толькі сярод веруючых, але і сярод няверуючых». Яго адыход «да дому Нябеснага Айца стаў сусветнымі рэкалекцыямі, а пахаванне прымірыла непрымірымых — побач сядзелі тыя, якія да гэтага не падавалі адно аднаму рукі». Беатыфікацыя гэтага Пантыфіка, падкрэсліў Мітрапаліт, паказала сапраўдны сэнс хрысціянства як рэлігіі надзеі: «Калі 6 гадоў таму панавала атмасфера засмучэння, бо адышоў любімы Папа, то падчас беатыфікацыі — радасць». «Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі!» — падкрэсліў іерарх.

Пакуль Ян Павел ІІ не ўзышоў на Святы Пасад, працягваў Мітрапаліт Кандрусевіч, здавалася, што «тут, на Усходзе, вера ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Ян Павел II даў гэтую надзею, нават насуперак надзеі, і даў яе ў асобе Езуса Хрыста, заклікаючы адчыніць Яму свае сэрцы». Вялікі Папа «змяніў бег гісторыі і адкрыў для Хрыста грамадствы, дзе многія дзесяцігоддзі панаваў атэістычны рэжым, у тым ліку і ў Беларусі, калі 20 гадоў таму адрадзіў тут касцёльныя структуры і заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію».

Арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў вернікаў «спытаць сябе: як мы прымаем навучанне Яна Паўла ІІ?» «Ці яно сапраўды нас змяняе? Ці вядзе да распазнання прысутнасці Бога ў нашым жыцці? Ці мы імкнёмся і не баімся адчыніць дзверы нашых сэрцаў Хрысту? Толькі тады мы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і безнадзейныя жыццёвыя сітуацыі, зможам адчуць прысутнасць сярод нас Міласэрнага Езуса», — дадаў Мітрапаліт.

Напрыканцы літургіі прысутныя памаліліся малітвай і  Літаніяй да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.

Малітва да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ

Благаслаўлёны Ян Павел ІІ, ты адзначаўся вялікай любоўю да Бога і людзей. Я спадзяюся на моц твайго заступніцтва і прашу цябе: будзь перад тронам Нябеснага Айца, багатага на любоў і міласэрнасць, маім заступнікам у справе, якую табе прадстаўляю. Выпрасі мне таксама дар умацавання маёй веры, надзеі і любові, каб па тваім прыкладзе я штодзённа ўзрастаў у святасці і не пакідаў шляхоў, якія нам паказаў наш Пан, Збаўца і Настаўнік, Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і Чалавек. Амэн.

Благаслаўлёны Ян Павел ІІ, маліся за нас.

 
© 2003-2020 Catholic.by