Мітрапаліт Кандрусевіч у Івянцы: трэба прасіць св. Антонія дапамагчы нам знайсці згубленую веру | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.06.2011 12:27

12 чэрвеня 2011 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. У гэты дзень у івянецкай парафіі таксама адзначаўся адпуст св. Антонія і завяршэнне ІІ Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гаміліі Мітрапаліт Кандусевіч падкрэсліў ролю Святога Духа, які вядзе Касцёл Божым шляхам. Менавіта Дух Святы з’яўляецца Духам-ажывіцелем, які робіць Касцёл заўсёды маладым, дынамічным і дапамагае адказваць на выклікі часу. Гісторыя Касцёла — гэта, па словах Мітрапаліта, і гісторыя святых. Адным з іх з’яўляецца вельмі папулярны, асабліва ў Беларусі, св. Антоній Падуанскі, які, жывучы паводле харызмы св. Францішка, сваё жыццё прысвяціў абвяшчэнню Евангелля і абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Яго казанні, адзначыў арцыпастыр, былі настолькі моцнымі і актуальнымі, што нават закаранелыя грэшнікі навярталіся.

«Святы Антоній вядомы як апякун у згубленых рэчах, — працягваў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Бяда чалавеку, калі ён штосьці згубіць, асабліва калі гэта каштоўная рэч. Але самая вялікая бяда тады, калі чалавек згубіць веру. Гэта праблема і нашага часу. Падчас ганенняў на Касцёл нашы бабулі і дзядулі, таты і мамы ўмелі захаваць веру. А сёння, падчас свабоды веравызнання, людзі самі адракаюцца ад Бога і нават жывуць так, быццам Яго зусім няма. Трэба прасіць св. Антонія, каб дапамог знайсці згубленую веру сучасных людзей».

У гэтым пошуку веры, на думку Мітрапаліта, вялікую дапамогу можа аказаць і парафіяда, у праграму якой уваходзіць спорт, тэатр, мастацтва, біблійны конкурс, конкурс малюнка і, канешне, малітва. «Спартыўныя спаборніцтвы дапамагаюць кшталтаваць характар чалавека, не баяцца цяжкасцяў і перамагаць іх. Тэатр і мастацтва дапамагаюць рэалізаваць свае здольнасці і праз п’есу ці малюнак прадставіць евангельскія вобразы. Біблійны конкурс з’яўляецца добрай праверкай ведаў пра Божае аб’яўленне, бо хто не ведае Бібліі, той не ведае Хрыста. Малітва ж — размова чалавека з Богам. Гэтай размове трэба вучыцца. Нават апосталы прасілі Езуса: навучы нас маліцца. Парафіяда вучыць», — такімі словамі падкрэсліў арцыпастыр важнасць гэтага мерапрыемства.

Пасля літургіі арцыбіскуп Кандрусевіч уручыў пераможцам парафіяды памятныя кубкі, медалі і дыпломы. Усяго было ўручана каля 200 розных узнагарод.

 
© 2003-2020 Catholic.by