Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб змяніць жыццё, патрэбна адно імгненне. Міністранты архідыяцэзіі сустрэліся ў Лебедзеве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.07.2011 12:46

Рэкалекцыі для міністрантаў ва ўзросце ад 13 гадоў адбыліся на мінулым тыдні ў Лебедзеве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме «Слова Божае ў маім жыцці».

Рэкалекцыі праводзіў кс. Юрый Санько і дыякан Валерый Даўгуль, а ў арганізацыі мерапрыемстваў дапамагалі кл. Павел, кл. Сяргей, кл. Раман і кл. Аляксандр. Канферэнцыі і разважанні на тэму Святога Пісання праводзіў дыякан Валерый, у якіх заўважыў, што «на тое, каб змяніць жыццё, патрэбна адно імгненне».

«Для гэтага неабходна толькі звярнуцца да Евангелля, каб навучыцца ад самога Хрыста, што мы сабой уяўляем, чым або кім мы можам быць, — адзначаў дыякан. — І калі мы сумняваемся, ці гэта магчыма, успомнім адказ Хрыста на пытанне Пятра „хто ж можа ўратавацца?“: „Для людзей гэта не магчыма, але для Бога ўсё магчыма“... Давайце ж ісці наперад у гэтай надзеі, у гэтай радасці і ўпэўненасці».

Таксама былі праведзены практычныя заняткі і канферэнцыі па асноўных рэлігіях.

У рэкалекцыях прынялі ўдзел міністранты з розных парафій архідыяцэзіі: з Маладзечна, Лебедзева, Нясвіжа, Радашковіч, Гарадзеі, Дзераўнога, Мінска.

На некалькі дзён міністранты трапілі ў сяброўскую атмасферу. На свежым паветры было шмат цікавых забаў: валейбол, футбол, разнастайныя конкурсы — кожны з удзельнікаў мог знайсці сабе забаву па густу.

Самі міністранты сцвярджаюць, што рэкалекцыі яшчэ больш з’ядналі іх, паглыбілі іх рэлігійныя веды, а канферэнцыі прыблізілі да больш удумлівага і разважлівага чытання Святога Пісання, як у Касцёле, так і дома.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.