Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Івянец-2011: пра што разважала моладзь падчас круглых сталоў?
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.08.2011 00:45

Важнай і практычнай часткай ІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі сталі тэматычныя круглыя сталы. Шырокі спектр тэм дазваляў абраць кожнаму жадаючаму тэму семінара і паразважаць над ёй.

Адна з груп разважала над тэмай дабрачыннасці і валанцёрства. Маладыя людзі абмяняліся вопытам гэтай працы ў сваіх парафіях і паслухалі, як развіваецца валанцёрства за мяжой. “Лепш малая дапамога, чым вялікае спачуванне”, − сцвярджае моладзь.

Некаторыя дзяўчаты і хлопцы гутарылі на тэму паклікання да святарства і манаства. Маладым людзям часта складана вызначыць сваё пакліканне, у такіх выпадках варта памятаць, што давер − лепшы адказ на сумненні, бо кожны пакліканы да святасці, нягледзячы на тое, які шлях абярэ (да жыцця ў манастве ці ў сям’і).

Іншыя ўдзельнікі разважалі над асаблівасцямі псіхалогіі маладога чалавека. Незалежна ад узросту час ад часу варта задумвацца над тым, якія думкі, пачуцці і жаданні перажываеш у адносінах да сябе, да Бога, іншых і сваёй справы. Бо немагчыма прыняць Божую любоў, калі сам сябе не любіш. Варта памятаць, што Бог даў кожнаму магчымасць і свабоду думаць, адчуваць і жадаць.

Вялікая колькасць моладзі разважала над праблемай акультызму. На жаль, сёння часта можна сустрэцца з варажбітамі і магамі, якія гатовы “дапамагчы вырашыць” праблемы. Трэба памятаць, што д’ябал заўсёды бярэ за свае паслугі плату. Мадэратары таксама дапамагалі разабрацца з паняццем “секта” і паспрабавалі зразумець, чаму і што людзі ў іх шукаюць.

Маладыя людзі паразважалі таксама на тэму “Касцёл і СМІ” і “Малітоўныя рухі”. Арганізатары спадзяюцца, што менавіта дзякуючы практыцы круглых сталоў можна аказаць практычную дапамогу маладым людзям і даведацца пра іх праблемы.

Святлана Жылевіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.